Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/16/ru_1023830_123/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 03:56
16.11.2019 20:55 Палітыка, Грамадства

Каля ЦВК спалілі пасведчанні пазбаўленых рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб

Мінск, 16 лістапада. Прадстаўнікі грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", якія балатаваліся ў Палату прадстаўнікоў сёмага склікання, але пасля былі знятыя з выбараў, спалілі пасведчанні кандыдатаў каля ўваходу ў Цэнтрвыбаркам на плошчы Незалежнасці ў Мінску.

Таксама было спалена некалькі пасведчанняў давераных асоб экс-кандыдатаў.

Арганізатары акцыі заклікалі ўсіх незалежных кандыдатаў узяць з іх прыклад і зняцца з "фальшывых выбараў".

Каардынатар кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўген Афнагель заявіў, што свабодныя выбары пройдуць хутчэй, чым думае ўлада. "Гэта адбудзецца пасля сыходу Лукашэнкі — у наступным годзе", — лічыць ён.

На плошчу Незалежнасці прыйшло каля 70 чалавек — удзельнікаў акцыі "Сустрэча свабодных людзей", якая прайшла перад гэтым на плошчы Свабоды і якую другі вечар запар ініцыявала "Еўрапейская Беларусь". Фармальна яна адбылася ў межах агітацыйнага пікета лідара руху салідарнасці "Разам" Алены Талстой, якая таксама заявіла пра зняцце сваёй кандыдатуры з выбараў.

Па дарозе ад плошчы Свабоды да плошчы Незалежнасці адбылося некалькі інцыдэнтаў. Каля будынка КДБ невядомы вырваў з рук удзельніка шэсця запалены фаер і сышоў у кірунку Кастрычніцкай плошчы. На адрэзку паміж КДБ і гатэлем "Мінск" невядомыя ў цывільным пашкодзілі частку гукаўзмацняльнай апаратуры арганізатараў. У бойцы пацярпела камера здымачнай брыгады "Радыё Свабода". Паводле слоў карэспандэнта, камера здымае, але пашкоджаная.

Акцыя завяршылася каля 20 гадзін. Інфармацыі пра затрыманых пакуль няма.

У гэты ж час, з 18 да 20 гадзін, на сталічнай вуліцы Зыбіцкай, вядомай кропкамі грамадскага харчавання і як месца збору моладзі, прайшла перадвыбарная акцыя кандыдатаў у дэпутаты, якія прадстаўляюць "Маладзёжны блок". Яна мела фармат свабоднага мікрафона, выступалі таксама музыканты. Людзі, якія сабраліся, абмяркоўвалі новы закон аб адтэрміноўцы, антынаркатычнае заканадаўства, размеркаванне студэнтаў, ад`езд моладзі за мяжу, іншыя тэмы. Затрыманняў не было.

Выбары ў ПП НС пройдуць 17 лістапада.

Захар Шчарбакоў, Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239