Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/17/ru_1023839_332211/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 03:47
17.11.2019 08:28 Палітыка, Грамадства

У Беларусі праходзяць парламенцкія выбары

Мінск, 17 лістапада. Сёння — асноўны дзень галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь сёмага склікання.

Для правядзення выбараў створана 110 выбарчых акругаў і 5 тыс. 831 участак, у тым ліку 46 — за мяжой. Сёння яны будуць працаваць з 8.00 да 20.00.

Згодна са звесткамі ЦВК на 16 лістапада, на 110 месцаў у ніжняй палаце парламента прэтэндуюць 513 кандыдатаў. Прызнаецца, што выбары адбыліся, калі ў галасаванні ўзялі ўдзел больш за палову выбаршчыкаў акругi. Выбраным лічыцца кандыдат, які атрымаў найбольшую колькасць галасоў выбаршчыкаў, што ўзялі ўдзел у галасаванні.

Прагаласаваць на выбарах змогуць 6 млн 880 тыс. 605 грамадзян Беларусі.

З 12 па 16 лістапада ў краіне прайшло датэрміновае галасаванне. Вечарам у суботу ЦВК паведаміла, што правам прагаласаваць датэрмінова скарысталіся 35,77% выбаршчыкаў. У Гомельскай вобласці гэты паказчык склаў 39,41%, у Магілёўскай — 39,11%, Віцебскай — 38,26%, Мінскай — 37,49%, Гродзенскай — 36,50%, Брэсцкай — 33,67%, Мінску — 28,56%.

На папярэдніх парламенцкіх выбарах, у 2016 годзе, датэрмінова прагаласавала 31,29% выбаршчыкаў, у 2012 годзе — 25,9%.

Згодна са звесткамі назіральнікаў кампаніі "Права выбару" (аб'ядноўвае восем палітычных партый і грамадскіх структур), афіцыйныя лічбы яўкі моцна завышаныя: па стане на раніцу 16 лістапада — удвая. Датэрміновае галасаванне на выбарах у Беларусі, на жаль, ператварылася ў сістэму фальсіфікацый, заявіў нацыянальны каардынатар кампаніі Аляксандр Сілкоў.

Паводле інфармацыі прэс-сакратара кампаніі "Права выбару" Аляксея Янукевіча, сярод відаў парушэнняў пераважае "неналежнае забеспячэнне захаванасці скрыняў для датэрміновага галасавання, а таксама неадпаведнасць колькасці тых, хто прагаласаваў, у пратаколах камісій са звесткамі назіральнікаў".

Для назірання за ходам выбараў ЦВК акрэдытавала 1.027 замежных назіральнікаў, у тым ліку ад СНД, Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ, Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. Акрамя гэтага, за выбарчай кампаніяй наглядаюць незалежныя назіральнікі, прадстаўнікі дыпламатычнага корпусу і выбарчых органаў замежных дзяржаў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239