Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/17/ru_1023921_452023/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 03:39
17.11.2019 14:35 Палітыка

Лукашэнка: На храна патрэбен каму такі саюз? (дапоўнена)

Мінск, 17 лістапада. Размаўляючы з журналістамі пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 17 лістапада, Аляксандр Лукашэнка адказаў на пытанне аб інтэграцыі з Расіяй.

"Калі ты ўступаеш у нейкае аб`яднанне, разлічваеш, што з кожным месяцам, з кожным годам будзе лепш, — сказаў ён. — А што адбываецца ў нас? Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы. І ў выніку мы пастаянна ў эканоміцы нешта губляем. Выбачайце, на храна патрэбен каму такі саюз? Я ўжо размаўляю па-вясковаму, па-сялянску, па-мужыцку. Вось наша пазіцыя. Пра гэта ведае прэзідэнт Расіі. Мы з ім сябры. Я яму адкрыта гэта магу сказаць, ды яшчэ вастрэй. І ён мне можа сказаць. Што ж гэта за саюз, калі мы з кожным годам губляем і ўмовы пагаршаюцца? Гэта ненармальна. Мы патрабуем, як некалі мы дамаўляліся, роўных умоў для суб`ектаў гаспадарання".

Лукашэнка падкрэсліў, што не падпіша ні адзін дакумент па інтэграцыі з Расіяй, калі ён будзе супярэчыць Канстытуцыі і фундаментальным прынцыпам беларускага грамадства. "Не "парцеся" ў гэтым кірунку, я не меншы патрыёт, чым вы, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Самы галоўны прынцып — суверэнітэт і незалежнасць нашага грамадства. Не трэба ніякай канспіралогіі. Усе вядзецца адкрыта, і апошні раз прэм`ер-міністр сказаў (гэта выпрацаваная пазіцыя): калі не будуць вырашаныя нашы прынцыповыя пытанні па пастаўках вуглевадародаў, па адкрыцці рынкаў для нашых вытворцаў як след, зняцці бар`ераў, ніякія дарожныя карты не будуць падпісаныя".

Паводле яго слоў, Беларусь "не хоча быць нахлебнікам" і настойвае на роўных умовах для ўсіх суб`ектаў гаспадарання. "Кітай і Амерыка пачалі гандлёвую вайну. Чаму? Таму што Трамп выявіў, што яны ад гэтага гандлю губляюць, дэфіцыт у гандлёвым балансе на сотні мільярдаў долараў, — сказаў Лукашэнка. — А вы ведаеце, які дэфіцыт у нас ад гандлю з Расіяй? Пад 9 млрд долараў штогод. Гэта значыць, мы прадаем туды менш, чым яны нам, на 9 млрд долараў. Скажыце, дзе мне ўзяць гэтыя 9 млрд, каб заплаціць Расіі за тыя тавары, якія мы купляем? Натуральна, вуглевадароду ў нас няма. Гэтыя грошы трэба зарабіць на расійскім рынку. А нам выставілі бар`ер і не пускаюць па асобных відах тавараў. Гэта правільна? Не".

Але пачынаць гандлёвыя войны з Расіяй Беларусь не мае намеру, дадаў Лукашэнка. "Калі казаць пра эканоміку, мы ні на што не прэтэндуем і нічога не просім. Мы патрабуем, як некалі мы дамаўляліся, роўных умоў для суб`ектаў гаспадарання, проста людзей. Вось гэта будзе саюз. І тады вы ніколі камень не кінеце ў бок Расіі, ды і мы заўсёды будзем вітаць такі саюз", — заявіў Лукашэнка.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН