Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/17/ru_1023934_123/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 03:32
17.11.2019 14:53 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка пра ўтрыманне агульнай з РФ сістэмы СПА: Я не бухгалтар, але калі трэба — палічым, гэта каштуе нятанна

Мінск, 17 лістапада. Размаўляючы з журналістамі пасля галасавання на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу 17 лістапада, Аляксандр Лукашэнка закрануў пытанне абароннай тэматыкі і выдаткаў Беларусі на ўтрыманне агульнай з Расіяй сістэмы супрацьпаветранай абароны.

"Ад Чорнага мора да Балтыкі мы бачым усё. І ў Расіі на гэтым напрамку нічога няма, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Каб узнавіць гэта, да прыкладу, калі яны захочуць, пад Смаленскам, уявіце, колькі трэба грошай, каб кожны дзень бачыць, чуць нават не ў Беларусі, а ў краінах НАТА. Уявіце, якія гэта выдаткі".

Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што ў свой час пагадзіўся, каб беларуская сістэма СПА працавала і ў інтарэсах Расіі, была сумеснай. "Я на гэта пайшоў. Мы ў іх грошай не прасілі. Але калі яны пачалі лічыць грошы і нам выстаўляць рахункі на прыродны газ, іншую сыравіну, падатковы манеўр правялі і кажуць, што мы нахлебнікі... Добра. Давайце будзем лічыць, плаціць адзін аднаму, калі яны хочуць. Я лічу, гэта не наш шлях. Мы родныя, блізкія — беларусы і расіяне. Нам няма чаго дзяліць. Навошта мы гэта робім? Не мы ў гэтым ініцыятары", — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама распавёў, што пяць-сем гадоў таму Беларусь прадставіла Расіі лічбы сваіх выдаткаў на сумесныя праекты: "І ведаеце, атрымліваецца так на так, ніхто нікому не павінен. А цяпер сітуацыя яшчэ больш абвастрылася. Вы ж бачыце, што адбываецца: НАТА і іншыя войскі, абарона, ракеты сярэдняй і малой далёкасці і гэтак далей. Я нядаўна ўладам Расіі гэта ўсё выклаў у вузкім коле і сказаў: добра, мы пачакаем, можа, і мы калі-небудзь вам спатрэбімся".

"Справа не ў лічбах. Я не бухгалтар і не збіраюся гэта лічыць, але калі трэба — палічым. Гэта каштуе нятанна", — заўважыў Лукашэнка.

Ён таксама прыгадаў папрокі ў СМІ вакол куплі Беларуссю расійскіх самалётаў Су-30СМ: нібыта іх хацелі купіць ледзь не бясплатна. "Я нічога бясплатна не хачу. Я хачу, каб гэта быў прымальны кошт. А калі вы нашым вайскоўцам, якія будуць абараняць і Расію, паставіце ўзбраенне бясплатна, у арэнду і гэтак далей, думаю, у Расіі людзі гэта зразумеюць", — дадаў Лукашэнка.

Ён прывёў каментары ў расійскіх СМІ вакол нядаўняга рашэння Беларусі перагледзець дамову аб ахове дзяржмяжы. "Сказалі, што Лукашэнка хоча больш грошай на мяжу. Не трэба больш. Пакуль няхай палову аддадуць таго, што мы трацім", — сказаў кіраўнік дзяржавы. Мэтай зменаў павінна стаць узмацненне аховы мяжы, растлумачыў ён.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН