Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/18/ru_1024181_458702/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 04:21
18.11.2019 14:17 Палітыка, Грамадства

"Праваабаронцы за свабодныя выбары": Абранне дэпутатаў парламента прайшло з найгрубейшымі парушэннямі

Мінск, 18 лістапада. Кампанія назірання "Праваабаронцы за свабодныя выбары" не прызнала выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу сёмага склікання, што завяршыліся напярэдадні, свабоднымі, справядлівымі і дэмакратычнымі. Справаздача аб назіранні за выбарчым працэсам, якое правялі грамадскае аб`яднанне "Беларускі Хельсінкскі камітэт" і ліквідаваны ўладамі праваабарончы цэнтр "Вясна", прэзентаваная на прэс-канферэнцыі 18 лістапада ў Мінску.

Прадстаўнік кампаніі ад ПЦ "Вясна" Уладзімір Лабковіч са шкадаваннем адзначыў, што "чарговым разам нельга сказаць, што выбары ў Рэспубліцы Беларусь прайшлі ў адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі і беларускім нацыянальным заканадаўствам".

"Выбары прайшлі з грубымі парушэннямі, якія могуць сведчыць: усе негатыўныя тэндэнцыі, усе хваробы, што адбываліся ў нашым выбарчым працэсе, застаюцца. Калі раней у нас быў, скажам так, паўраспад выбарчай сістэмы, то цяпер яна цалкам пераўтвораная ў адміністрацыйную працэдуру. Казаць пра тое, што ў краіне ёсць нейкі палітычны выбарчы працэс, не выпадае", — канстатаваў ён.

Паводле слоў Лабковіча, да працы на выбарах кампанія прыцягнула 42 доўгатэрміновыя і прыкладна 150 кароткатэрміновых назіральнікаў, якія сачылі за сітуацыяй на 94 участках падчас датэрміновага галасавання і на 204 участках у асноўны дзень.

Каментуючы этап фармавання тэрытарыяльных, акруговых і ўчастковых выбарчых камісій, праваабаронца адзначыў, што да прадстаўнікоў апазіцыйных палітычных і грамадскіх структур прымяняўся дыскрымінацыйны падыход. У выніку прадстаўніцтва апазіцыянераў у складзе камісій было нязначным.

Прадстаўнік кампаніі ад БХК Алег Гулак звярнуў увагу на тое, што этап рэгістрацыі ініцыятыўных груп па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты быў адным з нешматлікіх станоўчых момантаў гэтай выбарчай кампаніі. У прыватнасці гэта выявілася ў тым, што працэнт адмоў у рэгістрацыі быў невысокім, колькасць зарэгістраваных груп была большая, чым на папярэдніх выбарах.

Разам з тым, паводле яго слоў, 71% назіральнікаў кампаніі заявілі, што не маглі назіраць за працэдурай праверкі пададзеных у акруговыя камісіі подпісаў выбаршчыкаў за вылучэнне кандыдатаў. Гулак падкрэсліў, што сама працэдура праверкі подпісаў пакідае прастору для маніпуляцый — дазваляе камісіям "заўважаць памылкі ў непажаданых і заплюшчваць вочы на памылкі лаяльных кандыдатаў".

Як сказалі прадстаўнікі кампаніі, этап перадвыбарнай агітацыі быў досыць пасіўным, у большай ступені гэта праявілася ў Мінску. Так, свае праграмы ў друкаванай прэсе апублікавала менш за палову кандыдатаў у дэпутаты па сталічных акругах. Колькасць вулічных мерапрыемстваў, заяўленых кандыдатамі ў Мінску, было ў 10 разоў менш, чым на парламенцкіх выбарах 2016 года.

Праваабаронцы адзначылі рэзкі рост ліку кандыдатаў, якія былі пазбаўленыя рэгістрацыі ўжо ў працэсе выбарчай кампаніі. Іх было 14, а на папярэдніх парламенцкіх выбарах быў зафіксаваны толькі адзін такі выпадак. Паводле слоў Гулака, прычынай заўсёды называлася парушэнне арт. 47 Выбарчага кодэкса, які "забараняе заклікаць да вайны, распальваць сацыяльную і іншую варожасць".

"На наш погляд, камісіі вельмі шырока трактавалі падставы для забароны, — сказаў прадстаўнік БХК. — Фактычна любая крытыка палітычнай сістэмы дзейнай улады прызнавалася парушэннем артыкула 47. Такім чынам выпустошвалася палітычная сутнасць гэтай кампаніі, кандыдаты былі вельмі абмежаваныя ў магчымасці крытыкі сваіх апанентаў. Але гэта тычылася толькі апазіцыйных кандыдатаў".

Працягваючы думку свайго калегі, Лабковіч заявіў, што "ўлады былі зацікаўленыя звесці гэтыя выбары пры захаванні мажарытарнай сістэмы да конкурсу на найлепшага сацыяльнага работніка акругі". "Ты можаш казаць пра платы, дарожкі, дзіцячыя сады, але ні ў якім разе пра палітычныя рэчы. Любы палітычны парадак дня, асабліва калі ты ў апазіцыі да ўлады, прыводзіў альбо да папярэджанняў, альбо да пазбаўлення рэгістрацыі. Гэта значыць адзіны калідор, дзе ты можаш не падарвацца на міне, — гэта расказваць пра сацыяльныя праблемы і як ты будзеш прадстаўляць сацыяльныя пласты сваёй акругі ў органах улады", — сказаў праваабаронца.

Лабковіч адзначыў, што на этапе датэрміновага галасавання была беспрэцэдэнтная яўка ў параўнанні з парламенцкімі выбарамі 2012 і 2016 гадоў. Пры гэтым само паняцце датэрміновага галасавання, паводле яго слоў, было дыскрэдытаванае выпадкамі прымушэння да галасавання і адкрытымі фальсіфікацыямі, якія фіксавалі назіральнікі. Так, 55% назіральнікаў кампаніі выявілі неадпаведнасць колькасці тых, хто прагаласаваў, тым лічбам, якія падавалі ўчастковыя камісіі.

Згодна з вынікамі асноўнага дня выбараў, 98,7% назіральнікаў кампаніі заявілі, што падлік галасоў не праходзіў публічна і адкрыта для ўсіх членаў камісіі. Толькі 53% назіральнікаў пацвердзілі, што бюлетэні са скрыняў для датэрміновага, выязнога галасавання і галасавання ў асноўны дзень камісіі лічылі паасобна.

Поўная справаздача аб назіранні на беларускай і рускай мовах з`явіцца на сайце кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" на працягу 18 лістапада, на англійскай — 19 лістапада.

Згодна са звесткамі ЦВК, выбары адбыліся ва ўсіх 110 выбарчых акругах. На іх прагаласавала 77,22% выбаршчыкаў. Як паведаміла раніцай 18 лістапада старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, са 110 абраных дэпутатаў палітычныя партыі прадстаўляе 21 чалавек: па адным дэпутаце ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі і Беларускай аграрнай партыі, два — ад Беларускай патрыятычнай партыі, шэсць — ад Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, 11 — ад Камуністычнай партыі Беларусі. Такім чынам, у новым складзе ніжняй палаты не будзе ніводнага прадстаўніка апазіцыйных партый.

Для параўнання: у парламенце шостага склікання было 16 партыйных дэпутатаў, у тым ліку два прадстаўнікі апазіцыі — член Аб`яднанай грамадзянскай партыі Ганна Канапацкая і лідар РГА "Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны" Алена Анісім.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239