Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/19/ru_1024315_123/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 03:45
19.11.2019 13:48 Спорт

Лукашэнка даручыў узяць кожнага спартсмена-алімпійца на індывідуальны кантроль

Мінск, 19 лістапада. Адкрываючы 19 лістапада алімпійскі сход Нацыянальнага алімпійскага камітэта (НАК), Аляксандр Лукашэнка даручыў узяць кожнага спартсмена-алімпійца на індывідуальны кантроль.

"Спорт — адзін з найважнейшых складнікаў у сацыяльна-палітычным уладкаванні сучаснага свету, і кожны сёння ў Беларусі, не толькі мы з вамі, разумее гэта, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба. — Алімпійскія перамогі аб`ядноўваюць нацыю, усяляюць пачуццё гонару за сваю краіну, адкрываюць новых герояў. Адлюстроўваюць, у рэшце рэшт, узровень развіцця грамадства, навукі, медыцыны, эканомікі і дзяржавы ў цэлым".

Лукашэнка назваў спорт шматграннай сферай дзейнасці, якая з`яўляецца часткай эканомікі, адлюстроўвае ўзровень тэхналагічнага развіцця краіны. "Акрамя таго, спорт — гэта здароўе нацыі, выхаванне ў маладога пакалення каштоўных асабістых якасцяў, эфектыўная народная дыпламатыя. Высокія дасягненні атлетаў шмат у чым вызначаюць прэстыж краіны. Вось чаму мы надаем развіццю гэтай сферы такую сур`ёзную ўвагу", — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы лічыць недастатковымі спартыўныя дасягненні беларускіх атлетаў на сусветных першынствах. Улічваючы, што да Алімпіяды ў Токіа засталося крыху больш за паўгода, неабходна надаць галоўную ўвагу летнім алімпійскім відам спорту, заявіў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што практычна ўсе чэмпіянаты свету 2019 года завершаныя і па іх выніках можна рабіць цалкам канкрэтныя высновы. Ён нагадаў, што сёлета на сусветных першынствах беларускія спартсмены заваявалі ў алімпійскіх дысцыплінах усяго толькі восем медалёў, у тым ліку два залатыя. Большасць — у веславанні на байдарках і каноэ. Больш-менш стабільна на працягу апошніх гадоў выступаюць прадстаўнікі сучаснага пяціборства. "Але гэта толькі два камплекты медалёў на Алімпіядзе, — падкрэсліў Лукашэнка. — А астатнія? Без медалёў у алімпійскіх нумарах праграмы вярнуліся з сусветных першынстваў баксёры, веласіпедысты, мастацкая гімнастыка. Нулявы вынік у нас і ў такіх медаляёмістых відах спорту, як плаванне, лёгкая атлетыка, дзюдо, фехтаванне, стральба кулявая, спартыўная гімнастыка, веславанне акадэмічнае".

Напярэдадні летніх Алімпійскіх гульняў 2020 года Лукашэнка даручыў узяць кожнага алімпійца на індывідуальны кантроль. "Важна падвесці кожнага спартоўца да максімальнага выніку. Мэтанакіравана рыхтаваць да жорсткай барацьбы. Забяспечыць усім неабходным на заключным этапе падрыхтоўкі. Кожнага алімпійца ўзяць на індывідуальны кантроль: медыцынскі, псіхалагічны і гэтак далей", — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, яму дакладваюць, што на гэты момант 63 беларускія спартсмены заваявалі права выступіць на Алімпіядзе ў Токіа, а плануецца больш як 100. "Але якая колькасць гэтых ліцэнзіяў трансфармуецца ў медальную якасць? Саперніцтва ва ўсіх відах каласальнае. І чаму з кожнай Алімпіядай лік нашых алімпійскіх квот падае? У Пекіне — 177, у Лондане — 161, у Рыа-дэ-Жанейра — 123. Такая ж сыходная крывая і ў колькасці заваяваных беларусамі медалёў", — канстатаваў кіраўнік дзяржавы.

Падчас сходу Лукашэнка ўзнагародзіў спартсменак Кацярыну Карстэн і Аляксандру Герасіменю ганаровымі знакамі НАК "За заслугі ў развіцці алімпійскага руху ў Рэспубліцы Беларусь" "за высокія спартыўныя дасягненні, а таксама за вялікія заслугі ў прапагандзе ідэалаў і прынцыпаў алімпізму, папулярызацыі спорту і здаровага ладу жыцця".

Як паведаміла прэс-службы НАК, падчас алімпійскага сходу адбыліся выбары ў кіруючыя органы НАК. Першым віцэ-прэзідэнтам камітэта абраны Віктар Лукашэнка, віцэ-прэзідэнтам — намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі каноэ, алімпійскі чэмпіён Дзмітрый Даўгалёнак. Адбыліся таксама змены ў складзе членаў выканкама НАК. Новымі членамі выканкама абраныя Таццяна Драздоўская, Аляксандр Пяткевіч і Арцём Цуран.

У алімпійскім сходзе акрамя кіраўніка дзяржавы і членаў НАК удзельнічаюць старшыні апякунскіх саветаў федэрацый, саюзаў, асацыяцый, кіраўнікі ўпраўленняў спорту і турызму аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама, цэнтраў алімпійскай падрыхтоўкі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239