Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/19/ru_1024327_1024332_123/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 03:17
19.11.2019 13:42 Грамадства

Запушчаны сайт памяці заснавальніка БелаПАН Алеся Ліпая

Мінск, 19 лістапада. 19 лістапада запушчаны сайт памяці заснавальніка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН, паэта Алеся Ліпая. Адрас сайта: https://naviny.by/ales.

Дата запуску абраная не выпадкова. 19 лістапада — дзень нараджэння БелаПАН. Сёлета кампаніі споўнілася 28 гадоў.

Сайт беларускамоўны — Алесь Ліпай размаўляў, пісаў вершы па-беларуску і ў цэлым вельмі шмат зрабіў для таго, каб беларуская мова жыла і развівалася.

"Захоўваць памяць пра Алеся Ліпая — наш, белапанаўцаў, святы абавязак, — кажа дырэктар кампаніі Дзмітрый Наважылаў. — Мы — адна сям`я. Алесь — заснавальнік і нязменны кіраўнік БелаПАН — быў і застаецца вельмі блізкім, родным чалавекам для кожнага з нас. І мы заўсёды будзем захоўваць памяць пра яго".

Сайт складаецца з некалькіх раздзелаў: біяграфія Алеся Ліпая, яго журналісцкія працы, фатаграфіі і відэа з яго ўдзелам. На асобнай старонцы сабраная паэтычная спадчына Алеся. У раздзеле "Памяць" — інфармацыя пра тое, дзе ён пахаваны, спачуванні з нагоды яго заўчаснага адыходу. Кожны ахвотны можа ўшанаваць памяць Алеся Ліпая, пакінуўшы запіс у гэтым раздзеле.

Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе з 1991 года. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра. Першую кнігу паэзіі "Пад снегам" выдаў у 2000 годзе. У 2007 годзе выйшаў зборнік паэзіі "Рэшта", у 2017-м — "Абдымкі".

Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёна (Мінская вобласць). У 1988 годзе падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ зведаў пераслед за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насценгазеты "Лірнік". У канцы 1980-х гадоў — удзельнік таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя". У 1988 годзе стаў першым карэспандэнтам "Радыё Свабода" ў Беларусі.

У 1991 годзе, падчас працы ў газеце "Знамя юности", вёў беларускамоўную старонку "Родны склон". Аўтар перакладу на беларускую мову дагавора аб вывадзе ядзернай зброі з Беларусі. У пачатку 1990-х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Германіі, і распаўсюдзіў іх па школах і бібліятэках. У чэрвені 1996 года падчас аперацыі па вызваленні дзяцей, узятых у заложнікі тэрарыстам у дзіцячым садзе ў Мінску, браў інтэрв`ю ў тэрарыста, адцягваючы тым самым яго ўвагу на сябе.

Раптоўна памёр 23 жніўня 2018 года ў адной з мінскіх клінік.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239