Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/19/ru_1024384_788554/
Дата раздрукоўкі: 07.12.2019 23:15
19.11.2019 16:12 Палітыка, Эканоміка

Румас: Далейшая інтэграцыя магчымая толькі ва ўвязцы з вырашэннем пытанняў у эканоміцы

Мінск, 19 лістапада. Далейшая інтэграцыя ў межах Саюзнай дзяржавы магчымая толькі ва ўвязцы з вырашэннем найбольш вострых пытанняў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас на пасяджэнні Саўміна Саюзнай дзяржавы 19 лістапада ў Горках (Маскоўская вобласць).

Як адзначыў Румас, стэнаграма выступлення якога размешчаная на сайце ўрада Расіі, "калі ўжо пад'язджалі да Горак, туман рассеяўся, а наша двухбаковая сустрэча паказала, што туману ў нас у адносінах зусім няма".

Румас нагадаў, што 6 верасня прэм'еры Расіі і Беларусі парафіявалі праект сумеснай праграмы дзеянняў па рэалізацыі дамовы аб Саюзнай дзяржаве, пасля чаго пачалася праца па падрыхтоўцы 31 дарожнай карты.

"Не ўсе ішло проста па шэрагу палажэнняў гэтых карт. Бакамі выказваліся дыяметральна супрацьлеглыя ідэі інтэгравання. Па шэрагу дарожных карт і цяпер застаюцца нявырашаныя пытанні", — канстатаваў кіраўнік беларускага ўрада.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што пазіцыя Беларусі ў перамовах была "дакладнай і паслядоўнай".

"Далейшая інтэграцыя магчымая толькі ва ўвязцы з вырашэннем найбольш вострых пытанняў двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва. Сюды мы адносім фармаванне цэн на нафту і газ, бар'еры па доступе тавараў на ўнутраныя, нацыянальныя рынкі, умовы падтрымкі вытворцаў, у тым ліку за кошт субсідый", — заявіў Румас.

"Пакуль не ўсе гэтыя пытанні вырашаныя ў падрыхтаваных дарожных картах, і па некаторых мы маем розныя тэрміны іх выканання. У той жа час для Рэспублікі Беларусь асаблівую значнасць набываюць умовы функцыянавання эканомікі ўжо ў 2020 годзе, бо наступствы рэалізацыі ў Расійскай Федэрацыі падатковага манеўру маюць адмоўны эфект нарастання для Беларусі", — адзначыў прэм'ер.

"Таму сёння, падводзячы вынікі праведзенай працы па падрыхтоўцы дарожных карт, беларускі бок нацэлены на вырашэнне пытанняў, якія да цяперашняга часу застаюцца, умоўна кажучы, за дужкамі. Вырашэнне такіх пытанняў і выразнасць пазіцый па іх вельмі важныя для паўнавартаснай падрыхтоўкі пасяджэння Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы, дзе будзе, як нам бачыцца, дадзены старт новаму этапу пабудовы Саюзнай дзяржавы", — дапоўніў Румас.

Паводле яго слоў, сённяшняе пасяджэнне фактычна складаецца з дзвюх частак. "Мы спачатку заслухаем пытанні актуальнага парадку дня пасяджэння, падпішам адпаведную пастанову, а затым ужо ў больш вузкім фармаце абмяркуем вынікі працы па падрыхтоўцы дарожных карт", — растлумачыў прэм'ер-міністр Беларусі.

Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з журналістамі 17 лістапада, у ліку іншага пракаментаваў ход саюзнай інтэграцыі і заявіў, што Беларусь "не хоча быць нахлебнікам" і настойвае на роўных умовах для ўсіх суб'ектаў гаспадарання.

"Калі ты ўступаеш у нейкае аб'яднанне, разлічваеш, што з кожным месяцам, з кожным годам будзе лепш, — сказаў ён. — А што адбываецца ў нас? Нам кожны год падсоўваюць новыя ўмовы. І ў выніку мы пастаянна ў эканоміцы нешта губляем. Выбачайце, на храна патрэбен каму такі саюз? Я ўжо размаўляю па-вясковаму, па-сялянску, па-мужыцку. Вось наша пазіцыя. Пра гэта ведае прэзідэнт Расіі. Мы з ім сябры. Я яму адкрыта гэта магу сказаць, ды яшчэ вастрэй. І ён мне можа сказаць. Што ж гэта за саюз, калі мы з кожным годам губляем і ўмовы пагаршаюцца? Гэта ненармальна. Мы патрабуем, як некалі мы дамаўляліся, роўных умоў для суб`ектаў гаспадарання".

Беларускі кіраўнік таксама падкрэсліў, што не не падпіша ні адзін дакумент па інтэграцыі з Расіяй, калі ён будзе супярэчыць Канстытуцыі і фундаментальным прынцыпам беларускага грамадства. "Не "парцеся" ў гэтым кірунку, я не меншы патрыёт, чым вы, — заявіў кіраўнік дзяржавы. — Самы галоўны прынцып — суверэнітэт і незалежнасць нашага грамадства. Не трэба ніякай канспіралогіі. Усе вядзецца адкрыта, і апошні раз прэм'ер-міністр сказаў (гэта выпрацаваная пазіцыя): калі не будуць вырашаныя нашы прынцыповыя пытанні па пастаўках вуглевадародаў, па адкрыцці рынкаў для нашых вытворцаў як след, зняцці бар'ераў, ніякія дарожныя карты не будуць падпісаныя".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН