Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/19/ru_1024434_123456/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 20:04
19.11.2019 22:02 Палітыка, Эканоміка

Мядзведзеў: Па некаторых пытаннях дарожных карт інтэграцыі давядзецца звярнуцца да прэзідэнтаў

Мінск, 19 лістапада. Значная частка дарожных карт саюзнай інтэграцыі Расіі і Беларусі ўзгоднена, але па нейкіх пытаннях, па ўсёй верагоднасці, давядзецца звярнуцца да прэзідэнтаў, заявіў прэм`ер-міністр РФ Дзмітрый Мядзведзеў на брыфінгу па выніках пасяджэння Саўміна Саюзнай дзяржавы 19 лістапада ў Горках (Маскоўская вобласць).

Перамовы па інтэграцыі доўжыліся больш за сем гадзін. Як нагадаў Мядзведзеў, словы якога прыводзіць сайт урада РФ, усяго распрацавана 31 дарожная карта. Гаворка ідзе пра вельмі падрабязную траекторыю інтэграцыі амаль ва ўсіх сферах: энергетыка, фінансы, прамысловасць, аграрны комплекс, сувязь, макраэканоміка, падатковае рэгуляванне, грашова-крэдытная палітыка.

"Скажу прама, што гэта былі прадуктыўныя перамовы, прадуктыўнае абмеркаванне. Вельмі карыснае, абсалютна адкрытае, з расстаноўкай акцэнтаў адносна таго, дзе мы дамовіліся, а дзе не дамовіліся, дзе яшчэ ёсць рэсурс прадаўжэння перамоў на ўзроўні ўрадаў (і, напэўна, мы па гэтым шляху павінны прайсці), а па якіх пытаннях, па ўсёй верагоднасці, нам давядзецца звярнуцца да прэзідэнтаў дзвюх краін, каб яны правялі неабходныя кансультацыі. Я лічу, што такая шчырая размова паміж намі, з удзелам усіх нашых калег, павінна дазволіць нам выйсці на канчатковыя рашэнні.

Пры гэтым ён падкрэсліў, што дзесьці рознагалоссі, якія маюць месца, "носяць чыста тэхнічны характар і могуць быць ліквідаваны за кошт акуратнай, уважлівай работы нашых урадаў, а дзесьці гэта даволі сур`ёзныя пытанні і разыходжанні ў падыходах, якія можна будзе ўрэгуляваць менавіта ў фармаце абмеркавання паміж двума кіраўнікамі дзяржаў, з удзелам урадаў дзвюх краін".

"Штосьці больш падрабязнае з гэтай нагоды я цяпер гаварыць не буду, хоць разумею, што гэта ўсім цікава. Гэта ўсё-такі перамоўны працэс, пазіцыі літаральна кожны дзень збліжаюцца. Мы разышліся на тым, што нашы калегі самым найбліжэйшым часам, за гэты тыдзень, падрыхтуюць новыя версіі дарожных карт, дзе будуць зведзены вынікі сённяшняй працы. На базе гэтых новых версій мы правядзём яшчэ адно абмеркаванне, мабыць, і ў фармаце перамоў паміж міністрамі, і абавязкова стэлефануемся з Сяргеем Мікалаевічам (Румасам), а калі трэба будзе, то і сустрэнемся, нічога тут складанага няма, балазе паміж намі адлегласць невялікая", — сказаў Мядзведзеў.

"У канчатковым выніку гэта ўсё павінна быць ухвалена прэзідэнтамі дзвюх дзяржаў, для таго каб пакласці пачатак яшчэ больш істотнай рабоце па падрыхтоўцы змяненняў у заканадаўства Расійскай Федэрацыі і Рэспублікі Беларусь. Калі мы гэта зробім, тады зможам упэўнена заявіць, што інтэграцыя паміж дзвюма дзяржавамі выйшла на прынцыпова новы ўзровень. Як мне ўяўляецца, гэта адпавядае чаканням народаў дзвюх краін і інтарэсам нашых дзяржаў", — падсумаваў расійскі прэм`ер.

У сваю чаргу прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Румас адзначыў, што 20 інтэграцыйных дарожных карт на гэты час ужо гатовыя да падпісання, але нявырашаныя пытанні ўсё-такі засталіся. "І, напрыклад, калі па адчувальных для Беларусі картах — па рынку газу або па нафтавым рынку — былі чатыры неўрэгуляваныя пытанні, то сёння іх засталося два. Разам з тым яны складаныя і, напэўна, па іх кіраўнікам дзяржаў будуць прапанаваны развязкі", — сказаў кіраўнік беларускага ўрада.

"Мы сёння, сапраўды, вельмі значна прасунуліся і выразна разумеем, дзе ў нас засталіся разыходжанні. Мы ўзялі прыкладна тыдзень тэрміну, каб іх яшчэ раз абмеркаваць, і далей гэты пакет дакументаў з рознымі пазіцыямі бакоў будзе ўнесены на разгляд кіраўнікоў дзяржаў", — падкрэсліў Румас.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН