Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/20/eu_1024473_854796/
Дата раздрукоўкі: 25.01.2020 12:15
20.11.2019 14:53 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

Еўрапарламент: Выбары ў Беларусі маглі стаць паваротным момантам, якога мы чакалі

Мінск, 20 лістапада. Парламенцкія выбары ў Беларусі "зноў былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў", гаворыцца ў заяве кіраўніка дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю Роберта Бедраня, размешчанай на сайце ЕП.

Ён адзначыў, што Еўрапейскі парламент не быў запрошаны для назірання за выбарамі, але еўрадэпутаты з належнай увагай вывучылі высновы міжнародных назіральнікаў місій Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, Парламенцкай асамблеі АБСЕ і Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы.

"Зараз Еўрапейскі парламент не мае афіцыйных адносін з Нацыянальным сходам Беларусі з-за няздольнасці гэтай краіны праводзіць выбары ў адпаведнасці з міжнароднымі дэмакратычнымі стандартамі і выконваць свае абавязацельствы, калі гаворка ідзе аб захаванні асноўных свабод і вяршэнства закона, — сказаў Бедрань. — Гэтыя датэрміновыя парламенцкія выбары маглі стаць паваротным момантам, якога мы чакалі, каб разблакаваць гэтую сітуацыю. Мы, безумоўна, цэнім акрэдытацыю беларускімі ўладамі шэрагу мясцовых і міжнародных назіральнікаў на знак добрай волі, а таксама цэнім той факт, што дзень выбараў прайшоў спакойна. Але ўсё ж гэтыя выбары зноў былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў. Выбарчы закон прымяняўся выбарачна, каб прымусіць замаўчаць нязгодных".

Так, адзначыў Бедрань, двум незалежным дэпутатам з дзейнага складу Палаты прадстаўнікоў (гаворка пра Ганну Канапацкую і Алену Анісім. — БелаПАН.) не дазволілі балатавацца зноў, што пазбавіла апазіцыю яе прадстаўніцтва ў парламенце. Ён падкрэсліў, што падчас выбарчай кампаніі не былі створаныя роўныя ўмовы для ўсіх кандыдатаў.

Бедрань таксама адзначыў, што беларускія ўлады пакінулі без увагі рэкамендацыі Венецыянскай камісіі і БДІПЧ АБСЕ, у тым ліку тыя, якія тычыліся незбалансаванага складу ўчастковых выбарчых камісій і адсутнасці празрыстасці падчас падліку галасоў.

"Мы верым, што давер грамадзян Беларусі да дзяржаўных інстытутаў з'яўляецца закладам стабільнасці і росквіту іх краіны, — сказаў кіраўнік дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. — Таму мы заклікаем беларускія ўлады выказаць адказнасць і зрабіць значныя крокі для выканання вышэйзгаданых рэкамендацый напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у наступным годзе".

Бедрань таксама адзначыў, што на 27 лістапада ў Страсбургу запланаваная сустрэча дэлегацыі Еўрапарламента па сувязях з Беларуссю. Члены дэлегацыі абмяркуюць вынікі мінулых выбараў з кіраўніком назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ Карыэн Йонкер.

У прэзентаванай 18 лістапада справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ гаворыцца, што "парламенцкія выбары прайшлі спакойна, аднак не адпавядалі стандартам правядзення выбараў".

Назіральнікі АБСЕ чарговым разам прыйшлі да высновы, што "заканадаўчая база Беларусі не гарантуе дэмакратычныя выбары". Пасля мінулых выбараў былі прынятыя пэўныя намаганні па змене выбарчага заканадаўства, але ніякіх канкрэтных крокаў беларуская ўлада не зрабіла.

У сваю чаргу прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч заявіла, што парламенцкая выбарчая кампанія ў Беларусі стала "страчанай магчымасцю для правядзення выбараў у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі".

"З улікам таго, што ў 2020 годзе адбудуцца прэзідэнцкія выбары, надзвычай важна, каб улады Беларусі неадкладна аднавілі працу па ажыццяўленні ўсёабдымнай рэформы выбарчага заканадаўства. Гэта таксама будзе мець ключавое значэнне для поўнай рэалізацыі патэнцыялу адносін паміж ЕС і Беларуссю з апорай на станоўчы вопыт супрацоўніцтва апошніх трох гадоў", — сказала Качыянчыч.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН