Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/22/eu_1024662_1024663/
Дата раздрукоўкі: 22.01.2020 15:21
22.11.2019 09:44 Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

У Вільнюсе праходзіць цырымонія перапахавання астанкаў паўстанцаў 1863—1864 гадоў

Мінск, 22 лістапада. Цырымонія перапахавання астанкаў удзельнікаў паўстання 1863—1864 гадоў праходзіць 22 лістапада ў Вільнюсе.

Чатыры магілы з астанкамі 20 паўстанцаў былі знойдзеныя на гары Гедыміна ў цэнтры Вільнюса восенню 2017 года. Дакладна ўстаноўлена, што ў адной з магіл былі астанкі Зыгмунта Серакоўскага. Ускосна пацверджана таксама, што знойдзеныя і астанкі кіраўніка паўстання 1863—1864 гадоў Кастуся Каліноўскага.

У 9.30 (тут і далей указана па мінскім часе) труны з астанкамі паўстанцаў вынеслі з ўнутранага двара Палаца правіцеляў Вялікага Княства Літоўскага, на Кафедральнай плошчы адбудзецца ўрачыстае пастраенне. Потым астанкі ўнясуць у кафедральны сабор-базіліку Святых Станіслава і Уладзіслава.

На працягу паўтары гадзіны, пачынаючы з 10.00, пройдзе грамадскае развітанне. У 12.45 у базіліку прыбудуць афіцыйныя асобы і замежныя дэлегацыі. Чакаецца прыезд прэзідэнта Літвы Гітанаса Наўседы і прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды. Таксама прыбудзе беларуская дэлегацыя на чале з віцэ-прэм`ерам Ігарам Петрышэнкам.

У 13.00 арцыбіскуп-мітрапаліт Гінтарас Грушас правядзе ў базіліцы святую імшу, у якой паўдзельнічаюць ваенныя капеланы і біскупы Літвы, Польшчы і Беларусі, у тым ліку мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пасля набажэнства афіцыйныя асобы выступяць з развітальнымі прамовамі.

У 14.20 труны з астанкамі паўстанцаў вынесуць з кафедральнага сабора-базілікі, і жалобная працэсія рушыць на старыя гарадскія могілкі Расу.

Каля 15.00 працэсія спыніцца ля Вострай Брамы, дзе адбудуцца песнапенні на літоўскай, польскай і беларускай мовах. Прыкладна ў 15.50 працэсія прыбудзе на могілкі Расу, труны з астанкамі ўнясуць у спецыяльна падрыхтаваную да гэтай падзеі капліцу, дзе адбудзецца апошняе развітанне.

З 17.00 капліцу, дзе будуць захоўвацца астанкі ўдзельнікаў паўстання, адкрыюць для грамадскага наведвання.

Прадстаўнікі беларускай грамадскасці звярталіся да літоўскіх уладаў з просьбай перапахаваць астанкі Каліноўскага ў Беларусі. Яны адзначалі, што "беларускі народ перажывае сёння няпросты час, калі існуе шмат пагроз дзяржаўнай незалежнасці". "Пахаванне Канстанціна Каліноўскага ў Беларусі стала б сімвалам і напамінам беларускаму народу, як трэба любіць сваю Радзіму, свой народ, і як трэба за іх змагацца. Урачыстыя мерапрыемствы ўшанавання памяці паўстанцаў маглі б сёння яшчэ больш згуртаваць нашы народы, якія стагоддзямі мірна і дружна жылі ў адзінай магутнай дзяржаве", — падкрэслівалася ў звароце.

Яшчэ адзін калектыўны ліст прадстаўнікі беларускай грамадскасці адрасавалі ўраду Літвы пасля таго, як з`явілася інфармацыя аб тым, што надпісы на магілах паўстанцаў будуць зробленыя на польскай і літоўскай мовах. Яны прасілі зрабіць надпісы ў тым ліку па-беларуску. У сярэдзіне красавіка міністр культуры Літвы Міндаўгас Квяткаўскас паведаміў журналістам, што прынята рашэнне напісаць імёны ўсіх паўстанцаў на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай, "каб падкрэсліць важнасць гэтага паўстання для гэтых краін і гэтых нацый".

Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада заявіў журналістам, што астанкі Кастуся Каліноўскага "чапаць не трэба". "Гэта мая пазіцыя. Пахавалі чалавека — няхай ён там спакойна ляжыць", — сказаў ён. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што ведае пра ролю Кастуся Каліноўскага ў гісторыі — "там было вельмі шмат нюансаў". "Я сваіх палітыкаў і навукоўцаў перасцерагаю ад таго, каб мы, ацэньваючы ролю Каліноўскага, не кінуліся ў нейкую палітыку. Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце, грамадзянінам. Гэта быў чалавек нашай дзяржавы, і ад гэтага нікуды не дзенешся", — дадаў Лукашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН