Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/22/eu_1024767_123456/
Дата раздрукоўкі: 15.08.2020 01:12
22.11.2019 19:56 Грамадства, Беларусь — Еўрасаюз

У Вільнюсе перапахавалі астанкі паўстанцаў 1863—1864 гадоў

Фото: nn.by
Мінск, 22 лістапада. Астанкі дваццаці паўстанцаў 1863—1864 гадоў, у тым ліку кіраўніка паўстання ў Беларусі Кастуся Каліноўскага, 22 лістапада перапахавалі на старых гарадскіх могілках Расу ў Вільнюсе (Літва).

Чатыры магілы з астанкамі 21 паўстанца былі знойдзеныя на гары Гедыміна ў цэнтры Вільнюса восенню 2017 года. Асобы 20 з іх былі ў той ці іншай ступені ўстаноўленыя, адзін застаецца невядомым. Першым, чыё імя было дакладна ўстаноўлена, стаў кіраўнік паўстання на Ковеншчыне Зыгмунт Серакоўскі. Пасля з вельмі высокай верагоднасцю было пацверджана, што знойдзеныя і астанкі Каліноўскага.

Цырымонія перапахавання доўжылася сем гадзін. Паводле ацэнак беларускіх СМІ, у ёй узялі ўдзел некалькі тысяч грамадзян Беларусі, якія прыехалі напярэдадні і ў гэты ж дзень. Акрамя літоўцаў і беларусаў на цырымонію таксама прыбылі палякі, латышы і ўкраінцы. Для тых беларусаў, якія не змаглі прыехаць, прамую трансляцыю з літоўскай сталіцы вялі польскі тэлеканал для Беларусі "Белсат" і беларуская рэдакцыя "Радыё Свабода".

Раніцай труны з астанкамі паўстанцаў перанеслі з ўнутранага двара Палаца кіраўнікоў Вялікага Княства Літоўскага ў кафедральны сабор-базіліку Святых Станіслава і Уладзіслава, дзе на працягу больш чым дзвюх гадзін праходзіла грамадскае развітанне.

Апоўдні арцыбіскуп Вільнюса Гінтарас Грушас правёў у саборы святую імшу, у якой удзельнічалі ваенныя капеланы і біскупы Літвы, Польшчы і Беларусі, у тым ліку мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч і апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек.

Пасля набажэнства ў саборы выступілі прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа, яго польскі калега Анджэй Дуда, а таксама намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка.

З сабора астанкі ўдзельнікаў паўстання павезлі ў спецыяльна падрыхтаваную для перапахавання капліцу на могілках Расу. За катафалкамі ішла шматтысячная жалобная працэсія. Мноства людзей неслі нацыянальныя беларускія бел-чырвона-белыя сцягі.

Прэзідэнты Літвы і Польшчы, а таксама беларускі віцэ-прэм`ер узялі ўдзел у закрытай цырымоніі апошняга развітання. Арцыбіскуп Вільнюса Гінтарас Грушас асвяціў нішы ў сценах капліцы, пасля чаго ў іх змясцілі труны з астанкамі паўстанцаў. Пасля малітвы каталіцкі іерарх выказаў надзею на тое, што супакоеныя душы ўдзельнікаў паўстання "заступяцца за сваю айчыну і замовяць слова за ўсіх, хто імкнецца да свабоды", а сучаснікі, у сваю чаргу, "не забудуць іх у сваіх малітвах".

Роты ганаровай варты ўзброеных сіл Польшчы і Латвіі далі некалькі залпаў салюту, і афіцыйная частка цырымоніі была завершана. Пасля ад`езду афіцыйных асоб капліца стала даступная для грамадскага наведвання.

Прадстаўнікі беларускай грамадскасці звярталіся да літоўскіх улад з просьбай перапахаваць астанкі Каліноўскага ў Беларусі. Яны адзначалі, што "беларускі народ перажывае сёння няпросты час, калі існуе шмат пагроз дзяржаўнай незалежнасці". "Пахаванне Кастуся Каліноўскага ў Беларусі стала б сімвалам і напамінам беларускаму народу, як трэба любіць сваю Радзіму, свой народ і як трэба за іх змагацца. Урачыстыя мерапрыемствы ўшанавання памяці паўстанцаў маглі б сёння яшчэ больш згуртаваць нашы народы, якія стагоддзямі мірна і дружна жылі ў адзінай магутнай дзяржаве", — падкрэслівалася ў звароце.

Яшчэ адзін калектыўны ліст прадстаўнікі беларускай грамадскасці адрасавалі ўраду Літвы пасля таго, як з`явілася інфармацыя аб тым, што надпісы на памятных шыльдах будуць зробленыя на польскай і літоўскай мовах. Яны прасілі зрабіць надпісы ў тым ліку па-беларуску. У сярэдзіне красавіка міністр культуры Літвы Міндаўгас Квяткаўскас паведаміў журналістам, што прынята рашэнне напісаць імёны ўсіх паўстанцаў на трох мовах — літоўскай, польскай і беларускай, "каб падкрэсліць важнасць гэтага паўстання для гэтых краін і гэтых нацый".

Аляксандр Лукашэнка 17 лістапада заявіў журналістам, што астанкі Кастуся Каліноўскага "чапаць не трэба". "Гэта мая пазіцыя. Пахавалі чалавека — няхай ён там спакойна ляжыць", — сказаў ён. Пры гэтым Лукашэнка падкрэсліў, што ведае пра ролю Каліноўскага ў гісторыі — "там было вельмі шмат нюансаў". "Я сваіх палітыкаў і навукоўцаў перасцерагаю ад таго, каб мы, ацэньваючы ролю Каліноўскага, не кінуліся ў нейкую палітыку. Ён дзейнічаў на нашай тэрыторыі, быў нашым чалавекам, калі хочаце, грамадзянінам. Гэта быў чалавек нашай дзяржавы, і ад гэтага нікуды не дзенешся", — дадаў Лукашэнка.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239