Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/22/ru_1024706_102458/
Дата раздрукоўкі: 29.11.2020 13:12
22.11.2019 14:58 Эканоміка

Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу кіраўніцтва Віцебскай вобласці ў АПК

Мінск, 22 лістапада. На выязной нарадзе па пытаннях развіцця аграпрамысловага комплексу Віцебскай вобласці 22 лістапада Аляксандр Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу мясцовага кіраўніцтва.

За апошнія пяць гадоў, адзначыў ён, аб'ём вытворчасці прадукцыі сельскай гаспадаркі ў вобласці зменшыўся амаль на 2%. "У вас поўная стагнацыя. Вы коціцеся ў адваротны бок", — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, стала ўстойлівай тэндэнцыя да скарачэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, а яе сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе ніжэйшыя, чым у любым іншым рэгіёне краіны. Віцебская вобласць — адзіная, дзе сярэдні надой на карову складае менш за 4 тыс. кг. Нізкая інвестыцыйная актыўнасць, падзенне экспартнага патэнцыялу, і як вынік — пагаршэнне фінансавага стану прадпрыемстваў. Доля стратных арганізацый расце, а іх удзельная вага максімальная сярод усіх абласцей у рэспубліцы, адзначыў Лукашэнка.

"Абсалютна недапушчальна тое, што ад такой працы (калі гэта наогул можна назваць працай) цярпяць людзі, — падкрэсліў ён. — Ад нашай неарганізаванасці, нераспарадлівасці, трэба шчыра сказаць, і ад бязладнасці саміх людзей. Але бязладнасць нашых падначаленых пачынаецца заўсёды з нас. Скарачэнне занятых у галіне і іх нізкая заработная плата ўжо нікога не здзіўляюць. Як інфармуе Белстат, 37% работнікаў вёскі (Віцебскай вобласці. — БелаПАН.) атрымліваюць зарплату ніжэй за 500 рублёў, а 40 арганізацый нават не могуць забяспечваць яе рэгулярную і самастойную выплату".

"Прытым у мяне складваецца меркаванне, што калі мы гаворым "500 рублёў", гэта ў некаторых гаспадарак налічаная зарплата, а выдаяце вы яе па частках, 100—150 рублёў. І лічыцца, што ў вас сярэдняя зарплата 500 рублёў. Каго вы падманваеце?" — абурыўся Лукашэнка.

"Тым часам, — дадаў ён, — кіраўніцтва вобласці недаравальна доўга (больш за два гады) распрацоўвае нейкія прапановы, як выправіць сітуацыю".

Лукашэнка назваў нараду "гістарычнай з пункта гледжання наступстваў" для будучага Віцебскай вобласці — падчас яе абмяркоўваецца праект указа прэзідэнта, закліканы вырашыць праблемы ў АПК рэгіёна. Дакумент, у прыватнасці, прадугледжвае стварэнне ў галіне супербуйнога холдынга.

"Я азнаёміўся з праектам указа, які вы нібыта калектыўна выпрацавалі і хочаце, каб я яго падтрымаў. Асноўныя палажэнні прадугледжваюць (з пункта гледжання спецыялістаў) радыкальную перабудову ўсёй сістэмы кіравання агракомплексу вобласці, а прапанаваны супербуйны холдынг зойме дзве траціны яе тэрыторыі", — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў АПК вобласці ўжо працуюць некалькі інтэграцыйных структур у выглядзе холдынгаў, аднак вялікая іх частка не дае чаканых вынікаў. "Калі вы атрымалі адмоўны вопыт чатырох холдынгаў з пяці, вы хочаце стварыць яшчэ гіганцкі суперхолдынг? Як разумець вас тады? Мне ж падпісваць указ і несці за яго адказнасць. Гэта вялікія расходы", — заявіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы перасцярог кіраўніцтва Віцебскай вобласці ад стварэння новых структур у сельскай гаспадарцы "толькі дзеля глытка свежага паветра". "Трэба ўзважваць гэтыя прычыны, розныя. Калі вы гэта робіце дзеля глытка свежага паветра, калі вы дзеля гэтага робіце, то праз год гэтага паветра не будзе. І не дай бог у вас будзе гэты прэзідэнт, і ў вас ужо паветра не будзе — я вас усіх у турму адпраўлю. Таму не падманвайце, кажыце, якая праблема. Я бачу вашу праблему. Вы безгаспадарча, бязладна працуеце, агідна. Так не павінны працаваць", — заявіў Лукашэнка.

Ён папярэдзіў усіх удзельнікаў нарады, каб ніхто не спрабаваў адсядзецца, а ўсе неслі персанальную адказнасць. "Вы сабраліся сюды не для таго, каб адмаўчацца: вось скажу, а заўтра мяне выганяць... Ніхто нікога не згоніць, калі вы будзеце нармальна працаваць. А калі хтосьці асмеліцца гэта зрабіць, то ён сам будзе выгнаны з гэтай галіны", — папярэдзіў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы заклікаў "не самазаспакойвацца кіраўнікам іншых абласцей". "У нас прыкладна такая ж сітуацыя ва ўсіх усходніх абласцях — і ў Магілёўскай, і ў Гомельскай. Ім таксама давядзецца прымаць надзвычайныя меры. Там пасля замены кіраўнікоў абласцей яны варушыцца быццам бы пачалі, але гэтага мала. Трэба прымаць тэхналагічныя і арганізацыйныя меры, каб справіцца з праблемамі, якія там існуюць", — сказаў Лукашэнка.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239