Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/25/eu_1024865_125478/
Дата раздрукоўкі: 21.10.2020 01:40
25.11.2019 13:25 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз, Грамадства

Лукашэнка заклікаў Еўрасаюз не зацягваць падпісанне пагадненняў з Беларуссю

Мінск, 25 лістапада. Беларусь зацікаўленая ў выбудоўванні ўзаемапаважлівых і добрасуседскіх адносін з Еўрапейскім саюзам, заявіў Аляксандр Лукашэнка 25 лістапада на сустрэчы ў Мінску з міністрамі замежных спраў Швецыі Ан Ліндэ і Фінляндыі Пекам Хаавіста, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Лукашэнка заявіў, што Беларусі цікавы перадавы вопыт Еўрасаюза ў многіх сферах, але для пачатку трэба завяршыць працэс фармавання дагаворна-прававой базы і падпісаць падрыхтаваныя дагаворы (пагадненні аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі. — БелаПАН.).

"Пажадана не ставіць ніякіх папярэдніх умоў. Трэба рухацца ў гэтым кірунку. Вядома ж, перамовы, дагаворы — гэта доўгі шлях, кампрамісы, — адзначыў ён. — Калі мы ўжо выпрацавалі адпаведныя дагаворы, прыйшлі да разумення таго, што нам трэба іх падпісваць і рухацца ў гэтым кірунку, то цягнуць з гэтым не варта".

Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі вельмі шмат агульнага з дзяржавамі Паўночнай Еўропы, краіны звязвае доўгая гісторыя гандлёвых адносін і кантактаў у розных сферах. "Нягледзячы на адсутнасць выхаду да мора, наша краіна тым не менш з'яўляецца неад'емнай часткай Балтыйскага рэгіёна. У скарбонку дабрабыту краін Балтыі Беларусь робіць свой істотны ўнёсак, пастаўляючы свае грузы, абслугоўваючы транзітныя патокі ў паўночным і паўднёвым кірунках", — сказаў ён.

"Пры гэтым вельмі важны экалагічная складнік. Я думаю, у вас да нас прэтэнзій быць не можа ў гэтым плане", — дадаў афіцыйны беларускі лідар.

18 лістапада ў Афіцыйным часопісе Еўрапейскага саюза было апублікаванае рашэнне Савета ЕС аб падпісанні з Беларуссю пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму, прынятае 14 кастрычніка (аналагічнае рашэнне па пагадненні аб рэадмісіі, якое павінна быць падпісанае адначасова з візавым пагадненнем, пакуль не прынятае).

На просьбу БелаПАН пракаментаваць сітуацыю ў прадстаўніцтве ЕС адказалі: "Наступны важны крок — падпісанне пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі. Савет Еўрапейскага саюза ўжо ўхваліў падпісанне пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму і, як чакаецца, ухваліць падпісанне пагаднення аб рэадмісіі пасля завяршэння працэдур з боку ЕС. Пасля падпісання абодвух пагадненняў Еўрапейскі парламент павінен даць згоду на іх заключэнне, а затым Савет Еўрапейскага саюза павінен прыняць рашэнні аб іх заключэнні".

"Мы не можам зараз назваць дату, калі пагадненні набудуць моц, але мы робім усё магчымае, каб гэта адбылося як мага хутчэй", — дадалі ў прадстаўніцтве.

Перамовы аб спрашчэнні візавага рэжыму і рэадмісіі ЕС і Беларусь вядуць з 2014 года. 12 ліпеня гэтага года Афіцыйны часопіс ЕС апублікаваў рашэнне Савета Еўрасаюза аб унясенні змен у Візавы кодэкс, якія прадугледжваюць у тым ліку павышэнне кошту шэнгенскіх віз да 80 еўра. Прымяняць новы візавы збор пачнуць 2 лютага 2020 года.

У прадстаўніцтве ЕС у Беларусі БелаПАН раней растлумачылі, што, незалежна ад даты заключэння візавага пагаднення паміж Беларуссю і ЕС, пасля яго ўваходжання ў сілу кошт шэнгенскіх віз для Беларусі складзе 35 еўра. Каментуючы змены, унесеныя ў Візавы кодэкс ЕС, у прадстаўніцтве адзначылі, што "павелічэнне кошту віз не паўплывае на самы нізкі памер візавага збору ў 35 еўра, усталяваны ў пагадненнях аб спрашчэнні візавага рэжыму, якія заключаныя паміж ЕС і шэрагам трэціх краін, такіх як Расія, Арменія і Азербайджан".

Аляксандр Лукашэнка ўхваліў падпісанне Беларуссю пагадненняў аб спрашчэнні візавага рэжыму і аб рэадмісіі з ЕС 20 верасня.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239