Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/25/ru_1024844_789665/
Дата раздрукоўкі: 15.08.2020 07:41
25.11.2019 09:30 Эканоміка, Фінансы

Улады дапускаюць увядзенне абмежаванняў на валютным рынку ў выпадку пагрозы эканамічнай бяспецы краіны

Мінск, 25 лістапада. Урад сумесна з Нацыянальным банкам могуць уводзіць валютныя абмежаванні ў выпадку пагрозы эканамічнай бяспецы краіны. Такая норма замацаваная ў праекце новай рэдакцыі закона "Аб валютным рэгуляванні і валютным кантролі".

Паводле звестак БелаПАН, улады могуць пайсці на ўвядзенне валютных абмежаванняў у выпадку рэзкага пагаршэння сітуацыі ў плацежным балансе, узнікнення рызык значнага зніжэння золатавалютных рэзерваў і з`яўлення перадумоў для істотнага вагання курсу нацвалюты.

Пры гэтым законапраект прадугледжвае, што валютныя абмежаванні, калі яны зноў з`явяцца на рынку, будуць дзейнічаць не больш за год.

Жорсткія валютныя абмежаванні ў Беларусі ўводзіліся ў 2011 і 2014 гадах на фоне ажыятажнага попыту на валюту. У прыватнасці ўлады вызначалі вузкі пералік тавараў, на набыццё якіх на біржы прадавалася валюта, уводзілі збор за куплю валюты.

У апошнія гады Нацбанк паступова праводзіць лібералізацыю ў гэтай сферы (адмененая мэтавая купля валюты, яе абавязковы продаж экспарцёрамі), і перадумоў для ўвядзення валютных абмежаванняў цяпер няма, лічаць аналітыкі фінансавага рынку.

"Расія абмежавала фінансаванне Беларусі, але ўраду ўдаецца прыцягваць не расійскія запазычанні для рэфінансавання доўгу, таму праблем з валютай быць не павінна. Перадумоў для ўвядзення валютных абмежаванняў цяпер ніякіх не відаць", — адзначыў у размове з карэспандэнтам БелаПАН дырэктар па развіцці "ФТМ Брокерс" Аляксандр Сабодзін.

Валютная ліквіднасць краіны ў будучыні, падкрэсліў ён, наўпрост залежыць ад вырашэння структурных праблем.

"Найбуйнейшыя прадпрыемствы ў нас дзяржаўныя, іх фінансавая ўстойлівасць выклікае шмат пытанняў. Ад вырашэння праблем у дзяржсектары залежаць валютныя патокі ў краіну", — лічыць Сабодзін.

На думку эканамістаў, адна з патэнцыйных праблем у дзяржсектары звязаная са станам НПЗ, якія забяспечваюць прыблізна 20% валютнай выручкі краіны ад экспарту тавараў. У лістападзе Мінфін заявіў, што адсутнасць кампенсацыі за расійскі падатковы манеўр можа негатыўна адбіцца на працы нафтаперапрацоўчых заводаў.

"Што будзе ў гэтым выпадку з валютнымі паступленнямі, застаецца толькі меркаваць. На беларускую нафтаперапрацоўку прыпадае вялікая доля валютнай выручкі, і сур`ёзныя праблемы ў гэтай галіне могуць закрануць і валютны рынак", — лічыць старшы навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

На яго думку, права ўводзіць валютныя абмежаванні, якое будзе замацаванае за Нацбанкам і ўрадам у новым заканадаўстве, — "страхавальны механізм на выпадак узнікнення неспрыяльных падзей на валютным рынку".

"Валютныя абмежаванні не робяць краіну лепшай і пагаршаюць яе інвестыцыйную прывабнасць. Таму трэба думаць над мерамі, якія б мінімізавалі ступень уплыву на краіну валютных шокаў і дазвалялі ў будучыні абыходзіцца без валютных абмежаванняў", — рэзюмаваў Крук.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239