Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/26/ru_1024972_1024983/
Дата раздрукоўкі: 15.08.2020 02:28
26.11.2019 13:41 Палітыка, Грамадства

Кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ: Падчас мінулых выбараў не выконваўся адзін з найважнейшых прынцыпаў — празрыстасць

Мінск, 26 лістапада. Пры ацэнцы выбараў важны не толькі дзень галасавання, але і тое, як праходзіў увесь перадвыбарны перыяд, заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Карыэн Йонкер.

"Калі казаць пра перадвыбарны перыяд, то адно з пытанняў, якое выклікае нашу заклапочанасць, — гэта фармаванне выбарчых камісій, — сказала яна. — У выбарчых участковых камісіях 97% складаюць праўладныя вылучэнцы. І гэта велізарны дысбаланс у складзе камісій, дзе проста неабходнае шырокае прадстаўніцтва розных палітычных партый і кандыдатаў. Таксама важна, каб члены выбарчых камісій мелі магчымасць працаваць незалежна ад мясцовых уладаў".

Паводле слоў кіраўніка місіі, ёсць пытанні і да працэдуры рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты. "Вельмі шмат людзей вылучалася, але частка з іх не была зарэгістраваная з-за дробных тэхнічных памылак. Выбарчыя камісіі маглі б проста інфармаваць іх аб гэтых памылках і даць магчымасць выправіць, але не зрабілі гэтага", — адзначыла Йонкер.

Яна таксама падкрэсліла, што ў назіральнікаў "часта не было магчымасці выконваць сваю працу належным чынам". "Яны не маглі паглядзець спісы выбаршчыкаў, каб убачыць, напрыклад, ці няма там аднолькавых подпісаў. Яны не маглі набліжацца да скрынь для галасавання, каб праверыць цэласнасць пячаткі, каб пераканацца, што яна не была зламаная, а затым адноўленая, — пералічыла кіраўнік місіі. — Пры датэрміновым галасаванні бюлетэні захоўваюцца на ўчастку ноччу, і тут сітуацыя з іх бяспекай і захаванасцю найважнейшая, але і гэта не заўсёды гарантаванае. І ў сукупнасці вы не можаце быць упэўненымі, што абвешчаны вынік адлюстроўвае рэальную карціну датэрміновага галасавання".

Йонкер падкрэсліла, што падчас парламенцкіх выбараў у Беларусі быў парушаны адзін з найважнейшых выбарчых прынцыпаў — празрыстасць. "Нашы назіральнікі адзначалі, што часта назіральнікам не дазвалялі стаяць побач і адсочваць працэдуру падліку галасоў, пераканацца, за каго з кандыдатаў запоўнены бюлетэнь. Вынікі падліку не абвяшчалі, а гэта неабходна для таго, каб у далейшым абвешчаныя вынікі можна было зверыць з выніковымі пратаколамі і пераканацца, што яны адпавядаюць. Далей даныя па галасаванні на ўчастку перадаюцца ў акруговыя выбарчыя камісіі, дзе абагульняюцца. І тут таксама ўзнікае праблема празрыстасці працэсу, таму што назіральнікам не дазволілі знаходзіцца так, каб усё гэта бачыць", — рэзюмавала кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ.

Поўны тэкст інтэрв'ю публікуе інтэрнэт-газета БелаПАН Naviny.by.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239