Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/26/ru_1024974_458712/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 20:12
26.11.2019 13:57 Палітыка, Грамадства

Кіраўнік місіі БДІПЧ АБСЕ: Праблема не ў датэрміновым галасаванні, а ў яго бяспецы

Мінск, 26 лістапада. Датэрміновае галасаванне падчас выбараў само па сабе не з'яўляецца праблемай, яно практыкуецца ў многіх краінах, заявіла ў інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік назіральнай місіі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ Карыэн Йонкер.

"Але важныя меры засцярогі, якія прымаюцца для таго, каб гарантаваць бяспеку і паўнату гэтага працэсу, — дадала яна. — Скрыні з бюлетэнямі ноччу захоўваюцца на ўчастках — трэба гарантаваць, што з імі нічога не здарыцца, што ў іх нельга будзе ўкінуць бюлетэні. А калі на скрыні пячатка, якую лёгка можна зняць і потым аднавіць, або калі прарэз у скрыні прыкрываецца толькі паперкай, то гэтага яўна недастаткова".

Йонкер таксама адзначыла, што павінна быць паважлівая прычына, з-за якой выбаршчык хоча прагаласаваць датэрмінова.

На просьбу пракаментаваць, ці зафіксавалі назіральнікі БДІПЧ факты выкарыстання датэрміновага галасавання для накруткі яўкі, пра што заяўлялі мясцовыя назіральнікі і некаторыя кандыдаты ў дэпутаты, Йонкер адказала: "Мы праводзілі сістэматычнае назіранне за датэрміновым галасаваннем. Згодна з нашымі назіраннямі, у суботу яўка склала амаль 4%, у той жа час паводле звестак ЦВК яўка была крыху большая за 8%".

Датэрміновае галасаванне на парламенцкіх выбарах у Беларусі доўжылася пяць дзён, з 12 па 16 лістапада. Паводле звестак Цэнтрвыбаркама, у ім узялі ўдзел 35,77% выбаршчыкаў. Для параўнання: на папярэдніх парламенцкіх выбарах у 2016 годзе, згодна з інфармацыяй ЦВК, датэрмінова прагаласавала 31,29% выбаршчыкаў, у 2012 годзе — 25,9%.

Незалежныя назіральнікі звяртаюць увагу, што паказчык тых, хто датэрмінова галасуе, у Беларусі пастаянна расце.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН