Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/26/ru_1024976_452453/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 20:06
26.11.2019 14:15 Палітыка, Грамадства

Кіраўнік місіі БДІПЧ: Першачарговай рэкамендацыяй БДІПЧ АБСЕ паводле вынікаў парламенцкіх выбараў стане агульны перагляд прававой базы

Мінск, 26 лістапада. Першачарговай рэкамендацыяй Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ для ўладаў Беларусі паводле вынікаў назірання за апошнімі парламенцкімі выбарамі стане "агульны перагляд прававой базы", паведаміла ў інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік назіральнай місіі БДІПЧ АБСЕ Карыэн Йонкер.

"Напрыклад, Канстытуцыяй асноўныя свабоды — свабода асацыяцый, свабода сходаў, свабода выказвання меркаванняў — фактычна гарантаваныя. Але ёсць і іншыя заканадаўчыя акты, якія гэтыя правы абмяжоўваюць, — сказала яна. — Неабходна прывесці іх у адпаведнасць з Канстытуцыяй, таму што асноўныя свабоды могуць быць абмежаваныя толькі ў выключных выпадках. І гэтае абмежаванне павінна быць прапарцыйнае той мэце, дзеля якой уводзіцца, а не так, як абмежаванні выкарыстоўваліся падчас гэтай кампаніі".

Йонкер прывяла некалькі прыкладаў такіх абмежаванняў. У прыватнасці, адзначыла яна, кандыдаты ў дэпутаты пры друку сваіх агітацыйных матэрыялаў "былі абмежаваныя рашэннямі выбарчых камісій, на думку якіх выкарыстаны слоган ці нейкая фраза з'яўляліся дыфамацыяй". "Але выбарчая камісія не павінна прымаць такія рашэнні, гэта прэрагатыва суда, — падкрэсліла кіраўнік місіі БДІПЧ. — Або, напрыклад, у эфір не выпускалі перадвыбарныя выступленні кандыдатаў, таму што ўжо журналісты выступалі ў ролі цэнзараў. А рашэнні аб забароне — на падставе таго, што выступленні ці праграма ўтрымліваюць паклёп або нешта яшчэ — усё ж павінен прымаць толькі суд".

Яна таксама адзначыла, што ў заканадаўстве неабходна выразна прапісаць нормы пра склады выбаркамаў. "Я ўжо казала раней аб непрапарцыйным прадстаўніцтве ў складзе выбарчых камісій. У іх павінны быць уключаныя прадстаўнікі розных партый, і гэта павінна быць адлюстравана ў законе", — сказала кіраўнік місіі.

Яшчэ адзін важны момант — правы кандыдатаў. "Калі адмаўляюць у рэгістрацыі або зарэгістравалі, а потым пазбаўляюць рэгістрацыі, то для гэтага павінна быць сур'ёзная прычына, — падкрэсліла Йонкер. — Нязначныя тэхнічныя памылкі не могуць быць прычынай для адмовы ў рэгістрацыі альбо пазбаўлення рэгістрацыі. У законе дакладна павінны быць прапісаныя падставы для гэтага".

Паводле слоў Йонкер, заканадаўства павінна забяспечыць правы назіральнікаў для таго, каб яны маглі "нармальна сачыць за працэсам, а не стаяць не менш як за чатыры метры ад скрыні для галасавання".

"Усе нашы рэкамендацыі будуць адлюстраваныя ў выніковай справаздачы. Сумна, што многія з іх ужо рабіліся ў 2016 годзе, але так і не былі выкананыя", — дадала кіраўнік місіі.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН