Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/26/ru_1024977_558996/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 20:07
26.11.2019 14:07 Палітыка, Грамадства

Кіраўнік місіі БДІПЧ: Прыблізна 75% эфіру навін дзяржСМІ ў перадвыбарны перыяд было прысвечана дзейнасці прэзідэнта, а не парламенцкай кампаніі

Мінск, 26 лістапада. Прыблізна 75% эфіру навін дзяржаўных СМІ ў перадвыбарны перыяд было прысвечана дзейнасці прэзідэнта, а не парламенцкай выбарчай кампаніі. Такія звесткі маніторынгу, які правяла назіральная місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, паведаміла ў інтэрв'ю БелаПАН кіраўнік місіі Карыэн Йонкер.

Паводле яе слоў, назіральнікі штодня адсочвалі праграмы шасці тэлеканалаў з 18.00 да 00.00 і двух радыёстанцый з 18.00 да 20.00, а таксама выпускі навін пяці рэгіянальных каналаў. Акрамя гэтага, сістэматычна праводзіўся маніторынг шасці газет і якасны аналіз чатырох анлайн-выданняў.

"Гэты маніторынг з'яўляецца стандартнай практыкай для кожнай назіральнай місіі БДІПЧ, — сказала Йонкер. — У дзяржаўных СМІ кандыдаты не былі прэзентаваныя індывідуальна. Калі пра іх заходзіла гаворка, іх заўсёды прадстаўлялі калектыўна, не было канкрэтных адсылак да падзей выбарчай кампаніі. Мы таксама ўбачылі, што прыблізна 75% эфіру навін нацыянальных вяшчальнікаў было прысвечанае дзейнасці прэзідэнта. У рэгіянальных СМІ гэтая лічба крыху меншая, але таксама досыць высокая".

У выніку такога падыходу "СМІ не далі выбаршчыкам магчымасці даведацца належным чынам пра кампанію і пра тое, які кандыдат з якімі ідэямі выступае", адзначыла кіраўнік місіі БДІПЧ.

"Недзяржаўныя СМІ, наадварот, у большай ступені арыентаваліся на кандыдатаў і іх агітацыйныя мерапрыемствы, пісалі і пра пікеты. Нават пратэсты былі адлюстраваныя ў гэтых СМІ. Яны таксама арганізавалі дадатковыя дэбаты паміж праўладнымі і апазіцыйнымі кандыдатамі", — дадала Йонкер.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН