Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/27/ru_1025106_885569/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 20:00
27.11.2019 11:41 Палітыка, Грамадства

Удзельнікі "Сустрэчы свабодных людзей", якая прайшла напярэдадні выбараў, выкліканыя 5 снежня ў суд Цэнтральнага раёна Мінска

Мінск, 27 лістапада. Апазіцыйны палітык Павел Севярынец выкліканы 5 снежня ў суд Цэнтральнага раёна Мінска, дзе будзе разглядацца яго адміністрацыйная справа. Пра гэта паведамляе прэс-служба аргкамітэта партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", сустаршынёй якой з'яўляецца Севярынец.

Палітыка абвінавачваюць у парушэнні парадку правядзення ці арганізацыі масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КоАП). Гаворка ідзе пра акцыю "Сустрэча свабодных людзей", якая адбылася на плошчы Свабоды 16 лістапада, напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

5 снежня ў суд Цэнтральнага раёна Мінска таксама выкліканая грамадская актывістка Анастасія Гусева, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org. Яе абвінавачваюць ва ўдзеле ў акцыі 16 лістапада.

Згодна са звесткамі праваабаронцаў, позвы ў суд таксама атрымалі іншыя ўдзельнікі "Сустрэчы свабодных людзей", у тым ліку актывіст грамадзянскай ініцыятывы "Еўрапейская Беларусь" Леанід Кулакоў.

"Сустрэча свабодных людзей" была арганізаваная грамадзянскай кампаніяй "Еўрапейская Беларусь" у межах агітацыйнага пікета кандыдата ў дэпутаты ад Партыі БНФ лідара руху салідарнасці "Разам" Алены Талстой. Пасля гадзіннага мітынгу ў фармаце "вольнага мікрафона" прыкладна 70 удзельнікаў акцыі перамясціліся на плошчу Незалежнасці. Ля ўваходу ў Цэнтрвыбаркам актывісты "Еўрапейскай Беларусі", якія ўдзельнічалі ў парламенцкай кампаніі, дэманстратыўна спалілі свае пасведчанні кандыдатаў у дэпутаты.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН