Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/28/ru_1025269_445566/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 07:02
28.11.2019 10:15 Грамадства

У Беларусі могуць увесці магчымасць памілавання і ўмоўна-датэрміновага вызвалення асуджаных за наркотыкі

Мінск, 28 лістапада. Комплекс мер для больш эфектыўнага супрацьдзеяння нарказлачыннасці распрацаваны паводле вынікаў нарады ў прэзідэнта, што адбылася ў канцы кастрычніка. У ліку прапаноў — магчымасць памілавання, а ў асобных выпадках — умоўна-датэрміновага вызвалення асуджаных за наркотыкі, паведамілі ў навінах тэлеканала "Беларусь 1".

"Зыходзячы з прынцыпу справядлівасці, прэзідэнт даручыў паглядзець, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. Магчыма, людзі ўжо ўсвядомілі, зразумелі, што яны спатыкнуліся, памыліліся. Калі яны сталі на шлях выпраўлення, магчымае і ўмоўна-датэрміновае вызваленне, але пры пэўных умовах: калі гэтыя людзі сапраўды стануць на шлях выпраўлення, возьмуць на сябе абавязацельства ўладкавацца на працу альбо паступіць на вучобу", — адзначыў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Валерый Міцкевіч.

"Таксама прэзідэнт даручыў зноў жа паглядзець, хто знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі, і калі гэтыя людзі выпадкова спатыкнуліся — прадставіць іх да памілавання. Але індывідуальна", — падкрэсліў чыноўнік.

Як тлумачаць у Адміністрацыі прэзідэнта, будуць улічвацца абставіны здарэння, асоба асуджанага, яго паводзіны. Калі сваякі возьмуць на сябе адказнасць за гэтых людзей, гэта можа стаць падставай для памілавання. Аднак мера пры паўторным прыцягненні да адказнасці для тых, хто шанцам не скарыстаецца, будзе вельмі суровая.

Як паведамлялася, Аляксандр Лукашэнка 29 кастрычніка правёў нараду з прадстаўнікамі сілавых і праваахоўных структур па пытаннях супрацьдзеяння распаўсюджванню наркотыкаў. Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што нядаўна ў Крымінальны кодэкс унеслі папраўкі, якія даюць судам магчымасць "больш гнутка падыходзіць да прызначэння пакарання". За змякчэнне пакарання "ў такім памеры, як мы прынялі рашэнне, выступалі так званыя ці то партыя, ці то грамадская арганізацыя", заявіў Лукашэнка, маючы на ўвазе рух "Маці 328", які аб'ядноўвае сваякоў асуджаных паводле арт. 328 КК.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што на яго даручэнне ў Адміністрацыі прэзідэнта правялі некалькі сустрэч са сваякамі асуджаных за злачынствы ў сферы незаконнага абароту наркотыкаў.

"Асабліва абмяркоўваюць і галосяць так званыя "Маці 328", — сказаў ён. — Мы, вядома, іх разумеем: гэта бяда ў сям'і. Ім трэба параіць своечасова займацца сваімі дзецьмі. А потым галасіць, стагнаць і выстаўляць прэтэнзіі ўладзе".

"Маці правільна завастраюць увагу на неабходнасці больш эфектыўнай працы з моладдзю па прафілактыцы нарказлачыннасці і наркаманіі. Прапаноўваюць нам больш актыўна весці прафілактыку, толькі забыліся, што ім самім трэба было гэтай справай займацца ў сям'і", — заявіў Лукашэнка.

Разам з тым ён палічыў патрэбным пільна вывучыць прапановы, якія выказваюць у тым ліку сваякі асуджаных паводле арт. 328 КК. "Яны пацярпелыя. Яны, напэўна, адчуваюць гэтую праблему больш востра, чым усе іншыя", — выказаў меркаванне афіцыйны лідар.

Галоўная задача суда пры разглядзе спраў паводле антынаркатычнага арт. 328 КК заключаецца ў тым, каб "уважліва разабрацца ў сітуацыі і прызначыць адэкватнае абставінам справы пакаранне", заявіў Лукашэнка.

Нядаўна спецыяльны дакладчык ААН па пытанні аб сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Анаіс Марын выказала сур'ёзную занепакоенасць становішчам дзяцей, якія адбываюць пакаранне ў месцах пазбаўлення волі тэрмінам да 11 гадоў "за злачынствы наркатычнага профілю".

"Узрост крымінальнай адказнасці за ўчыненне злачынстваў, звязаных з наркотыкамі, быў паніжаны да 14 гадоў, у сувязі з чым дзясяткі дзяцей былі прыгавораныя да непрапарцыйна строгіх тэрмінаў пазбаўлення волі", — адзначыла Марын.

"Я занепакоеная тым, што жорсткі падыход, які выкарыстоўваецца Беларуссю ў дачыненні да абвінавачаных у злачынствах па наркатычным профілі, прымяняецца да дзяцей без належнага ўліку іх канкрэтнага статусу і патрэб", — адзначыла Марын. Прадстаўнік ААН вітала змены ў межах закона аб амністыі, прынятага сёлета з мэтай скарачэння турэмнага зняволення на два гады для асоб, асуджаных за злачынствы, звязаныя з наркотыкамі, якія былі дзецьмі на момант здзяйснення злачынства. Аднак яна шкадуе, што гэта тычыцца толькі тых, хто адбывае больш кароткія тэрміны зняволення.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239