Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/28/ru_1025278_1025279/
Дата раздрукоўкі: 15.08.2020 07:22
28.11.2019 12:15 Грамадства, Палітыка

Фігурантам справы прафсаюза РЭП Фядынічу і Комліку паводле амністыі скарацілі на год тэрмін "дамашняй хіміі"

Мінск, 28 лістапада. Пракурор Цэнтральнага раёна Мінска інфармаваў лідара незалежнага прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча пра тое, што апошні трапляе пад дзеянне закона аб амністыі, прынятага да 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аналагічнае апавяшчэнне ад пракурора Фрунзенскага раёна атрымаў Ігар Комлік, паведамляецца на сайце РЭП.

"У адпаведнасці з пастановай мне скарачаецца тэрмін адбыцця пакарання ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу часткова на адзін год, — растлумачыў Фядыніч. — На гэтым тыдні мы падаем скаргу ў Вярхоўны суд аб адмене абсурднага рашэння суда Савецкага раёна, якое пацвердзіў Мінскі гарадскі суд, — такога рашэння наогул не павінна быць. Паўтаруся: мы асуджаныя незаконна. І калі Вярхоўны суд не адменіць гэтае рашэнне, у нас застаецца адзін шлях — Камітэт па правах чалавека ААН. Ведаю, што Міжнародная арганізацыя працы запытала ва ўрада "справу прафсаюзаў", усе дакументы: МАП таксама хоча зразумець, якім чынам кіраўнікі прафсаюзаў (не бізнесмены!) апынуліся вінаватыя ў нявыплаце падаткаў і атрымалі ад гэтага нейкі прыбытак".

"І мы, і прафсаюз маюць намер дамагацца адмены прысуду як незаконнага. Тым больш што і да пачатку судовага працэсу, і пасля яго на нас распаўсюджваўся паклёп пра нас — мы і гэта не забылі. Іншая справа, што мы аддаем прыярытэт праблемам людзей, на свае не хапае часу", — падкрэсліў Комлік.

24 жніўня 2018 года суд Савецкага раёна Мінска прызнаў лідараў прафсаюза РЭП Генадзя Фядыніча і Ігара Комліка вінаватымі ва ўхіленні ад выплаты падаткаў (ч. 2 арт. 243 КК) і прыгаварыў да чатырох гадоў абмежавання волі без накіравання ва ўстанову адкрытага тыпу з пяцігадовай забаронай займаць пасады кіраўнікоў.

Суд прызнаў прафсаюзных дзеячаў вінаватымі ў тым, што яны "выкарыстоўвалі асоб, якія не ведалі пра злачынны характар дзеянняў, для перавозкі грошай з-за мяжы, што не рэгістраваліся ў дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Кіраўніцтва спраў прэзідэнта". Наўмысна скажаючы звесткі ў бухгалтарскім уліку, лідары прафсаюза РЭП, як палічыў суд, ухіляліся ад выплаты падаткаў.

Суд таксама пастанавіў спагнаць з абвінавачаных 47.560 рублёў і судовыя выдаткі — 1.400 рублёў.

Фядыніч і Комлік віны не прызналі.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239