Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/28/ru_1025310/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 07:34
28.11.2019 14:02 Грамадства

ЗБС "Бацькаўшчына" накіравала ў МЗС прапановы ў дзяржаўную праграму "Беларусы ў свеце" на 2021—2025 гады

Мінск, 28 лістапада. Міжнароднае грамадскае аб`яднанне "Згуртаванне беларусаў свету "Бацькаўшчына" накіравала ў Міністэрства замежных спраў Беларусі прапановы ў дзяржаўную праграму "Беларусы ў свеце" на 2021—2025 гады.

Як паведамляе інфармацыйны цэнтр "Бацькаўшчыны", працу над прапановамі ЗБС пачало на просьбу МЗС пасля пасяджэння кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа ў ліпені гэтага года.

Дакумент грунтуецца на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законе "Аб беларусах замежжа", Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага развіцця краіны на перыяд да 2035 года, Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі Беларусі, а таксама міжнародных дамовах і пагадненнях Беларусі.

У аснову дакумента пакладзеныя прапановы дыяспары, абвешчаныя на з`ездах беларусаў свету, а таксама аналіз паспяховага досведу іншых унітарных краін у галіне двухбаковага супрацоўніцтва са сваімі дыяспарамі.

"Прапановы складаюцца з немалой колькасці пазіцый і ахінаюць шырокі спектр прыярытэтных накірункаў супрацоўніцтва з дыяспарай: ад спосабаў вызначэння патэнцыялу беларусаў замежжа і стратэгій пабудовы даверу паміж беларусамі замежжа і беларускай дзяржавай да стварэння ўстойлівых механізмаў прыцягнення дыяспары да развіцця Рэспублікі Беларусь", — адзначаецца ў паведамленні.

"Рэалізацыя палажэнняў, выкладзеных у прапановах, прадугледжвае стварэнне профільных грамадскіх і дзяржаўных структур, аказанне на сталай аснове арганізацыйнай і юрыдычнай дапамогі ўсім зацікаўленым у супрацоўніцтве з кожнага боку. Адны з самых важных пунктаў прапаноў прысвечаныя стварэнню механізмаў фінансавага ўдзелу беларусаў замежжа ў дзяржаўных і недзяржаўных праектах беларускіх арганізацый, а таксама паглыбленню інтэлектуальнага супрацоўніцтва са спецыялістамі — прадстаўнікамі дыяспары", — паведамляе інфармацыйны цэнтр згуртавання.

Асаблівая ўвага ў дакуменце надаецца захадам, скіраваным на захаванне і паглыбленне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў замежжа.

Разам з гэтым, адзначаюць у "Бацькаўшчыне", "відавочна, што без наўпростых заўваг тых, хто непасрэдна зацікаўлены ў развіцці стасункаў Беларусі і беларускай дыяспары, гэтыя прапановы не могуць прэтэндаваць на поўны ахоп усіх наяўных праблемаў".

ЗБС заклікае прадстаўнікоў беларускага замежжа ўважліва азнаёміцца з тэкстам падрыхтаванага дакумента, які размешчаны на сайце арганізацыі, і накіроўваць свае заўвагі на адрас: zbsb.minsk@gmail.com.

2 ліпеня ў Мінску прайшло пятае пасяджэнне кансультатыўнага савета па справах беларусаў замежжа, у якім узялі ўдзел прадстаўнікі беларускай дыяспары 17 краін, дзяржаўных органаў і ўстаноў, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і кіраўнікі профільных грамадскіх аб’яднанняў.

Выступаючы на адкрыцці, міністр замежных спраў Уладзімір Макей паведаміў, што МЗС распрацуе новую праграму па супрацоўніцтве дзяржавы і беларусаў замежжа. "Хачу засяродзіць вашу ўвагу на такім важным пытанні нашага пасяджэння, як распрацоўка новай дзяржаўнай праграмы па супрацоўніцтве з дыяспарамі. Падпраграма "Беларусы ў свеце" [дзяржаўнай праграмы "Культура Беларусі"], у межах якой паспяхова развівалася культурна-гуманітарнае супрацоўніцтва з беларусамі замежжа на працягу апошніх гадоў, заканчваецца ў 2020 годзе", — сказаў Макей.

"Новая праграма "Беларусы ў свеце" мусіць ахопліваць увесь комплекс пытанняў узаемадзеяння з дыяспарамі, — падкрэсліў ён. — Я хацеў бы, каб вы сапраўды шчыра выказалі сваё гледжанне наконт таго, якой мусіць быць будучая праграма. Мы паспрабуем улічыць усе прапановы і зрабіць так, каб мы атрымалі пэўныя канкрэтныя вынікі ў межах рэалізацыі гэтай праграмы". Макей заклікаў "не абмяжоўвацца толькі культурна-гуманітарнай дзейнасцю".

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239