Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/11/28/ru_1025318_123/
Дата раздрукоўкі: 31.05.2020 07:18
28.11.2019 14:41 Палітыка

Лукашэнка зноў выступіў з ініцыятывамі правядзення "Хельсінкі-2" і прыняцця дэкларацыі аб неразмяшчэнні ракет у Еўропе

Мінск, 28 лістапада. На саміце Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) 28 лістапада ў Бішкеку Аляксандр Лукашэнка зноў выступіў з міратворчымі ініцыятывамі, якія Беларусь прасоўвае на працягу апошніх гадоў, а таксама выказаўся пра глабальныя пагрозы бяспецы.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, ён "выказаў заклапочанасць у сувязі з глабальным палітычным і эканамічным супрацьстаяннем паміж вядучымі сусветнымі дзяржавамі", а таксама адзначыў фактары, здольныя "нанесці сур`ёзны ўрон ўсёй існуючай сістэме міжнароднай бяспекі".

У прыватнасці Лукашэнка назваў "неапраўданым і небяспечным" спыненне дзеяння Дамовы аб ракетах сярэдняй і меншай далёкасці (ДРСМД). Ён нагадаў, што раней Беларусь выступіла з прапановай "прыняць шматбаковую палітычную Дэкларацыю адказных краін аб неразмяшчэнні ракет сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе". "Бачым у гэтай ініцыятыве магчымасць аднаўлення даверу ў рэгіёне", — сказаў афіцыйны лідар.

Паводле яго слоў, застаецца актуальнай ініцыятыва Беларусі "аб аднаўленні шырокага дыялогу па пытаннях міжнароднай бяспекі". "З улікам горкіх урокаў гісторыі Беларусі мы таксама заклікаем аднавіць шырокі дыялог па пытаннях міжнароднай бяспекі па аналогіі з Хельсінкскім працэсам, накіраваць яго на пераадоленне існуючых супярэчнасцяў ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі на агульнай прасторы ў Еўра-Атлантыцы і Еўразіі", — заявіў Лукашэнка.

Беларусь, сказаў ён, гатовая да больш дэталёвага абмеркавання гэтых ініцыятыў у фармаце АДКБ, асабліва "на фоне разбурэння механізмаў кантролю над узбраеннямі", калі фіксуецца "паэтапнае нарошчванне ваенных патэнцыялаў, пашырэнне ваеннай інфраструктуры ў Еўрапейскім рэгіёне".

Аляксандр Лукашэнка і іншыя высокапастаўленыя чыноўнікі на працягу апошніх гадоў актыўна прасоўваюць ініцыятыву правесці маштабную сустрэчу лідараў еўрапейскіх дзяржаў, каб зноўку выпрацаваць і замацаваць прынцыпы забеспячэння бяспекі ў Еўропе. Беларускія афіцыйныя асобы называюць гэты магчымы працэс "Хельсінкі-2" — па аналогіі з працэсам падпісання летам 1975 года ў сталіцы Фінляндыі Хельсінкскіх пагадненняў. Той дакумент усталяваў прынцыпы сучаснага забеспячэння бяспекі ў Еўропе, замацаваўшы палітычныя і тэрытарыяльныя вынікі Другой сусветнай вайны. У ім выкладзеныя прынцыпы ўзаемаадносін паміж дзяржавамі, у тым ліку прынцыпы непарушнасці межаў; тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаў; неўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў і інш.

ДРСМД была падпісаная ў 1987 годзе лідарамі ЗША і СССР. У кастрычніку 2018 года прэзідэнт ЗША Дональд Трамп заявіў пра намер выйсці з дамовы з-за яе невыканання Масквой. На думку Вашынгтона, расійскі бок парушыў дагавор, стварыўшы ракету 9М729. У Расіі гэтыя абвінавачванні абверглі, выставіўшы сустрэчныя прэтэнзіі. У снежні 2018 года ЗША аб`явілі, што выйдуць з дамовы, калі Расія на працягу 60 дзён не вернецца да яе выканання, дзеянне ўльтыматуму скончылася 2 лютага. У той жа дзень дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа заявіў аб прыпыненні ўдзелу Злучаных Штатаў у ДРСМД. Уладзімір Пуцін у сваю чаргу заявіў аб прыпыненні ўдзелу Расіі ў ДРСМД, назваўшы гэты крок "люстраным адказам".

На міжнароднай антытэрарыстычнай канферэнцыі высокага ўзроўню 3 верасня гэтага года ў Мінску Аляксандр Лукашэнка заявіў, што наступствы адмовы выконваць патрабаванні ДРСМД могуць прывесці да новай вайны і заклікаў краіны не размяшчаць ракеты сярэдняй і меншай далёкасці ў Еўропе.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239