Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/12/01/ru_1025562_203068/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 20:00
01.12.2019 16:04 Палітыка, Грамадства

Паводле звестак праваабаронцаў, на пачатак снежня прызначаныя больш за 20 судоў над удзельнікамі акцый, што прайшлі падчас выбарчай кампаніі

Мінск, 1 снежня. Паводле звестак праваабаронцаў, на пачатак снежня прызначаныя больш за 20 судоў над удзельнікамі акцый і мітынгаў, якія адбыліся падчас парламенцкай кампаніі, паведамляе spring96.org. Яшчэ супраць некалькіх чалавек складзеныя пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях.

Так, 2 снежня перад судом Першамайскага раёна Мінска паўстане Дзяніс Красачка за ўдзел у перадвыбарным пікеце 8 лістапада на плошчы Свабоды, які палічылі несанкцыянаваным масавым мерапрыемствам (арт. 23.34 КоАП). У гэтым жа судзе 2 снежня адбудзецца разгляд адміністрацыйнай справы Леаніда Кулакова за ўдзел у "Сустрэчы свабодных людзей", якая прайшла на плошчы Свабоды 16 лістапада.

4 снежня ў суд Кастрычніцкага раёна Мінска выкліканая Аксана Юшкевіч, у дачыненні да якой таксама складзены пратакол паводле артыкула 23.34 КоАП.

5 снежня ў судзе Цэнтральнага раёна Мінска адбудзецца разгляд адміністрацыйных спраў Анастасіі Гусевай, Паўла Севярынца, Андрэя Кудзіка, Арцёма Чарняка, Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля, Вольгі Нікалайчык, Андрэя Шарэнды за ўдзел у "Сустрэчы свабодных людзей" на плошчы Свабоды 16 лістапада. У дачыненні да іх складзеныя адміністрацыйныя пратаколы на падставе артыкула 23.34 КоАП. У гэты ж дзень суд Ленінскага раёна Брэста разгледзіць адміністрацыйную справу мясцовага актывіста Андрэя Шарэнды за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.

6 снежня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пройдуць працэсы над актывістамі Анастасіяй Гусевай, Андрэем Войнічам, Арцёмам Чарняком, Яўгенам Афнагелем, Вольгай Нікалайчык, Дзмітрыем Казловым. Пры гэтым апошні, вядомы як блогер Шэры Кот, быў выкліканы позвай да старшага ўчастковага Аршанскага РАУС Ліліі Трушко 30 лістапада а 9-й гадзіне ў якасці "ўдзельніка адміністрацыйнага працэсу" і знік. Пазней стала вядома, што з аддзела міліцыі яго адвезлі ў ізалятар часовага ўтрымання, дзе ён зараз знаходзіцца.

9 снежня Пётр Маркелаў, давераная асоба кандыдата ў дэпутаты Станіслава Шашка, які балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў па сталічнай Паўднёва-Заходняй выбарчай акрузе № 99, выкліканы ў суд Маскоўскага раёна Мінска. У дачыненні да яго складзеныя два пратаколы: згодна з артыкуламі 17.1 (дробнае хуліганства) і 23.4 (непадпарадкаванне законнаму распараджэнню ці патрабаванню службовай асобы пры выкананні ёю службовых паўнамоцтваў) КоАП.

10 і 12 снежня ў суд Ленінскага раёна Брэста выкліканыя адпаведна Андрэй Сліж і Аляксандр Марачэўскі за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце кандыдата ў дэпутаты Паліны Шaрэнды-Панасюк падчас парламенцкай кампаніі. У дачыненні да іх складзеныя пратаколы на падставе часткі 3 артыкула 23.34 КоАП.

12 снежня ў суд Віцебскага раёна выкліканыя Алена Шабуня і Зміцер Лупач за сюжэты на тэму выбараў для тэлеканала "Белсат". У дачыненні да іх складзеныя пратаколы паводле артыкула 22.9 КоАП (парушэнне заканадаўства аб сродках масавай інфармацыі).

Як адзначаюць праваабаронцы, позвы для складання пратаколаў або пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях згодна з артыкулам 23.34 КоАП за ўдзел у перадвыбарных мітынгах і іншых масавых мерапрыемствах, у тым ліку за акцыю на плошчы Свабоды 8 лістапада, па стане на 30 лістапада атрымалі: Ірына Халіп (выклікаюць 2 снежня ў Цэнтральнае РУУС Мінска для складання пратакола); Наталля Саматыя (атрымала пратакол па пошце); Ніна Багінская (выклікаюць у суд Першамайскага раёна Мінска); былы кандыдат у дэпутаты з Дуброўна Міхаіл Чамурака (складзены пратакол паводле арт. 23.4 КоАП за непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі).

Як паведамлялася, 29 лістапада рашэннем суда Полацка і Полацкага раёна актывіст Алесь Круткін быў арыштаваны на 15 сутак. Ён прызнаны вінаватым у здзяйсненні адміністрацыйнага правапарушэння паводле часткі 3 артыкула 23.34 КоАП (паўторнае парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Круткіна абвінавацілі ў тым, што 12 лістапада ён апублікаваў на сваёй старонцы ў "Фэйсбуку" паведамленне з заклікам да ўдзелу ў несанкцыянаванай акцыі. Блогер зрабіў перапост з групы "Еўрапейская Беларусь", які змяшчае інфармацыю аб правядзенні перадвыбарнага мітынгу на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску 15 лістапада.

Андрэй Серада, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН