Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/12/02/ru_1025610_1025611/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 03:40
02.12.2019 12:40 Эканоміка, Фінансы

КДБ завяршыў расследаванне крымінальнай справы, у ліку фігурантаў якой былы намеснік дзяржсакратара Савета бяспекі Андрэй Уцюрын

Мінск, 2 снежня. Следчым упраўленнем КДБ завершанае папярэдняе расследаванне крымінальнай справы па шматлікіх фактах атрымання і дачы хабараў падчас паставак у Беларусь тэлекамунікацыйнага абсталявання, камп'ютарнай тэхнікі і праграмнага забеспячэння, паведаміла прэс-служба ведамства.

Паводле інфармацыі КДБ, фігурантамі справы з'яўляюцца 16 чалавек, у тым ліку былы намеснік дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Беларусі Андрэй Уцюрын. Ён абвінавачваецца ў атрыманні хабараў на суму не меншую за 190 тыс. долараў ЗША і падбухторванні да дачы хабару.

Выстаўленыя абвінавачанні васьмі службовым асобам дзяржаўных органаў і банкаўскіх устаноў і васьмі прадстаўнікам камерцыйных структур за здзяйсненне злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 430 і 431 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Акрамя Уцюрына, паведамляе КДБ, фігурантамі крымінальнай справы з'яўляюцца:

Фелікс Каспяровіч — старшыня праўлення ААТ "Беларускі міжбанкаўскі разліковы цэнтр" (абвінавачваецца ў атрыманні сумесна з Андрэем Падгорным хабараў у агульнай суме не меншай за 868.750 долараў ЗША);

Андрэй Падгорны — намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення інфармацыйных тэхналогій Нацыянальнага банка (абвінавачваецца ў атрыманні сумесна з Каспяровічам хабараў у агульнай суме не меншай за 868.750 долараў ЗША);

Ігар Кудасаў — начальнік галоўнага ўпраўлення плацежнай сістэмы і лічбавых тэхналогій Нацыянальнага банка (абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у агульнай суме не меншай за 30 тыс. долараў ЗША);

Юрый Зданевіч — дырэктар РУП "Інфармацыйна-вылічальны цэнтр Міністэрства фінансаў Рэспублікі Беларусь" (абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у агульнай суме 82,5 тыс. долараў ЗША);

Аляксей Мілаванаў — начальнік упраўлення інфармацыйнай бяспекі дэпартамента бяспекі ААТ "АСБ "Беларусбанк" (абвінавачваецца ў атрыманні хабару ў суме 27 тыс. долараў ЗША);

Сяргей Сівадзедаў — генеральны дырэктар РУП "Белтэлекам" (абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у суме не меншай за 470 тыс. долараў ЗША і 15 тыс. еўра);

Юрый Панамароў — выканаўчы дырэктар ААТ "Банк БелВЭБ" (абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у агульнай суме 13 тыс. долараў ЗША, а таксама выгады маёмаснага характару на суму 1.000 фунтаў стэрлінгаў);

Уладзімір Жылін — фактычны кіраўнік ТАА "Мабільны сэрвіс" (Мінск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме не меншай зак 900 тыс. 250 долараў ЗША);

Сяргей Пакрышка — саўладальнік і адзін з фактычных кіраўнікоў ТАА "Салідэкс ПІ" і ТАА "Салідеэкс" (Мінск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме не меншай за 195 тыс. долараў ЗША);

Міхаіл Прыгара — прадстаўнік ЗІУП "АМТ-Груп Інтэрнэшнл" (Мінск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме 285 тыс. долараў ЗША);

Сяргей Шаркоў — грамадзянін Латвіі, саўладальнік СТАА "ДПА" (Мінск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме не меншай за 53 тыс. долараў ЗША);

Аляксандр Броўка — прадстаўнік ТАА "Мабільны сэрвіс" (Мінск) (абвінавачваецца ў дачы хабараў у агульнай суме 13 тыс. долараў ЗША, а таксама прадастаўленні выгады маёмаснага характару на суму 1.000 фунтаў стэрлінгаў);

Віталь Гарбачоў — прадстаўнік кампаній "Смартлабс" і "УГМК-Тэлекам", грамадзянін Расіі (абвінавачваецца ў дачы хабараў у суме не меншай за 190 тыс. долараў ЗША).

Уладзімір Казанцаў — прадстаўнік кампаній "Смартлабс" і "УГМК-Тэлекам", грамадзянін Расіі (абвінавачваецца ў дачы хабараў у суме не меншай за 190 тыс. долараў ЗША);

Уладзімір Томчанка — дырэктар ТАА "ТТ-Сувязьком" (Мінск) (абвінавачваецца ў дачы хабару ў суме не меншай за 9 тыс. долараў ЗША).

"Службовымі асобамі прымаліся хабары за заключэнне дагавораў, якія прадугледжваюць у тым ліку мадэрнізацыю тэлекамунікацыйнага апаратна-праграмнага комплексу і пастаўку абаненцкіх прыставак з убудаваным модулем Wi-Fi; закупку ліцэнзій для тэлекамунікацыйнага абсталявання, праграмнага забеспячэння і абароны інфармацыі; закупку абсталявання маршрутызацыі для цэнтральных вузлоў перадачы дадзеных абласных філіялаў РУП "Белтэлекам"; набыццё абсталявання бесправадной перадачы дадзеных на аснове тэхналогіі Wi-Fi, пашырэнне галаўной станцыі IPTV; пастаўку, мантаж, увод у эксплуатацыю праграмна-тэхнічных сродкаў (ПТС) і навучанне персаналу пакупніка; пастаўку ПТС для пакупніка, работы па мантажы і ўводзе ў эксплуатацыю ПТС аўтаматызаванай банкаўскай сістэмы "Улікова-аперацыйныя працы" і навучанне супрацоўнікаў; даванне субліцэнзіяту невыключнага права выкарыстання абнаўленняў праграмнага забеспячэння, тэхнічнай падтрымкі", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы КДБ.

Усяго па крымінальнай справе толькі ў хабарнікаў канфіскавана больш за 1 млн 650 тыс. долараў ЗША (у тым ліку ў аблігацыях), 62 тыс. еўра, больш за 1 кг золата.

Пасля азнаямлення абвінавачваных з матэрыяламі крымінальная справа будзе перададзеная ў Генеральную пракуратуру для накіравання ў суд, паведамляе КДБ.

Інфармацыя пра затрыманне Уцюрына па падазрэнні ў атрыманні хабару з'явілася ў СМІ і тэлеграм-каналах 29 красавіка гэтага года, аднак у Камітэце дзяржбяспекі на той момант яе каментаваць адмовіліся. 1 мая на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале быў апублікаваны ўказ прэзідэнта ад 24 красавіка, згодна з якім палкоўнік Андрэй Уцюрын вызвалены ад пасады намесніка дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі "за правіны, што дыскрэдытуюць званне ваеннаслужачага".

3 верасня ў Мінску перад пачаткам міжнароднай канферэнцыі па барацьбе з тэрарызмам старшыня КДБ Валерый Вакульчык паведаміў журналістам, што з разам з Уцюрыным было затрымана каля дзесяці чалавек. "Хутка суд. Я думаю, восенню, дзесьці кастрычнік-лістапад. Але адразу, каб вы падумалі, ён не адзін там. Там недзе каля дзесяці чалавек. Гэтая ўся эпапея спраў завяршылася з яго затрыманнем. Дакладней, пасля яго яшчэ затрымлівалі", — сказаў кіраўнік КДБ.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН