Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/12/03/ru_1025833_123/
Дата раздрукоўкі: 10.12.2019 03:34
03.12.2019 20:32 Палітыка

Лукашэнка: Больш за тую дэмакратыю і свабоду, у якой праходзілі выбары ў Беларусі, мы не зробім

Мінск, 3 снежня. Выступаючы 3 снежня ў Народнай скупшчыне Сербіі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што хацеў бы бачыць у беларускім парламенце прадстаўнікоў апазіцыі, але за іх не прагаласавалі выбаршчыкі.

"Паверце, больш за тую дэмакратыю і свабоду, у якой праходзілі выбары ў Беларусі, мы не зробім. Мы, напэўна, проста не здолеем правесці лепей. Мы ўсяляк імкнуліся дагадзіць не толькі нашым спонсарам і балельшчыкам на Усходзе, але і ў Еўрасаюзе. І што ў выніку? Адны былі ўражаныя вынікамі выбараў, а іншыя сказалі: апазіцыя не трапіла ў парламент — бяда, значыць, дрэнна, недэмакратычна, значыць, зноў няма свабоды, дыктатура. Глупства поўнае. Мы нікога не ціснулі", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Ён заявіў, што заходнія назіральнікі загадзя падрыхтавалі негатыўныя справаздачы пра выбары ў Беларусі, а потым толькі падпісалі іх. "Я хацеў, каб было тры-пяць-дзесяць апазіцыянераў, — дадаў ён. — Але як іх правесці, калі ў апазіцыянераў 3,5% галасоў? Максімум 4% у двух чалавек. Як іх можна правесці ў парламент, ды яшчэ дэмакратычным шляхам, як патрабуюць? Іх нават за руку нельга было ўзяць і прывесці".

На думку кіраўніка дзяржавы, бяда беларускай апазіцыі ў тым, што яна працуе толькі ў перыяды электаральных кампаній. "Які народ абярэ такую апазіцыю? І жыве апазіцыя на замежныя гранты: фонды Эберта, Адэнаўэра, амерыканскія фонды. Нідзе не працуюць — у добрых асабняках жывуць, на добрых аўтамабілях раз`язджаюць. Народ задаецца пытаннем: адкуль? Адказу няма", — заўважыў Лукашэнка.

На мінулых парламенцкіх выбарах у Беларусі грамадзяне падтрымалі тых кандыдатаў, якія працуюць і прыносяць карысць грамадству, упэўнены кіраўнік дзяржавы. "Падчас парламенцкай работы будзе відаць, хто якую пазіцыю займае і адстойвае, але я абсалютна перакананы, што гэта адданыя сваёй краіне людзі і патрыёты", — заявіў ён.

Лукашэнка дадаў, што заходнім партнёрам не падабаецца палітыка Беларусі, таму ў свой час ЗША і Еўрасаюз увялі супраць краіны санкцыі. Аднак з часам яны зразумелі, што гэта была памылка, звярнуў увагу беларускі кіраўнік. "Яны шукалі нагоду, каб, захаваўшы аблічча, выйсці з гэтай сітуацыі. І наша пазіцыя па асноўным парадку міжнародных адносін апынулася для свету прымальнай. Таму сітуацыя рэзка памянялася, і мы сёння спрабуем наладзіць нашы адносіны з Еўрапейскім саюзам, выступаючы катэгарычна супраць усялякіх Брэксітаў і супраць яго распаду", — адзначыў Лукашэнка.

Па выніках выбараў, якія адбыліся 17 лістапада, у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі не патрапіў ні адзін прадстаўнік апазіцыі. Апаненты ўлады заявілі пра масавыя фальсіфікацыі.

У прадстаўленай 18 лістапада справаздачы місіі БДІПЧ АБСЕ гаворыцца, што "парламенцкія выбары прайшлі ў спакойнай абстаноўцы, аднак не адпавядалі стандартам правядзення выбараў".

Назіральнікі АБСЕ ў чарговы раз прыйшлі да высновы, што "заканадаўчая база Беларусі не гарантуе дэмакратычныя выбары". Пасля мінулых выбараў былі прынятыя пэўныя намаганні па змене выбарчага заканадаўства, але ніякіх канкрэтных крокаў беларуская ўлада не зрабіла.

У сваю чаргу прэс-сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Мая Качыянчыч заявіла, што парламенцкая выбарчая кампанія ў Беларусі стала "страчанай магчымасцю для правядзення выбараў у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі".

Еўрапарламент заявіў, што парламенцкія выбары, якія прайшлі ў Беларусі, "зноў былі азмрочаныя шэрагам злоўжыванняў і недахопаў, выбарчы закон прымяняўся выбарачна, каб прымусіць замаўчаць нязгодных".

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2019 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН