Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/12/06/ru_1026145_123/
Дата раздрукоўкі: 25.01.2020 12:23
06.12.2019 10:47 Палітыка, Эканоміка

Румас: У перамовах з Расіяй засталіся 16 няўзгодненых пытанняў

Мінск, 6 снежня. У перамовах Беларусі і Расіі па дарожных картах паглыбленай інтэграцыі засталіся 16 няўзгодненых пытанняў, паведаміў журналістам прэм`ер-міністр Сяргей Румас 6 снежня ў Мінску перад пачаткам першай сесіі Палаты прадстаўнікоў сёмага склікання.

"На сёння па ўсіх дарожных картах засталіся 16 няўзгодненых пытанняў, — сказаў ён. — Я для сябе бачу задачу-мінімум — гэта, каб мы ўнеслі на разгляд кіраўнікоў дзяржаў тры-чатыры пытанні, па якіх мы не дамовіліся, а задача-максімум — дамовіцца па ўсіх пытаннях. Але ўлічваючы, што гэтыя пытанні вельмі важныя, кіраўнікі дзяржаў усё роўна будуць у іх паглыбляцца, але было б правільна, калі б урады ўнеслі на разгляд кіраўнікоў дзяржаў узгодненыя пытанні. Канчатковае рашэнне па іх ужо прымуць прэзідэнты".

Паводле яго слоў, пытанні па цане на расійскі газ для Беларусі на 2020 год і па "перамытнёўцы" нафты "ўваходзяць у кола 16 пытанняў".

Пры гэтым пытанне аб кампенсацыі за "брудную" нафту абмяркоўваецца асобна. "Брудная нафта вынесеная за дужкі дарожных карт, па ёй праца працягваецца па асобным трэку, — сказаў Румас. — У нас ёсць разлікі сумы кампенсацый. Мне б не хацелася іх называць, каб не ўскладняць перамовы нашым перамоўшчыкам. Мы спадзяемся, што ўсё ж такі ў бліжэйшы час нейкая яснасць у гэтым пытанні з`явіцца. Да канца года ці не — тут мне цяжка сказаць".

Гаворачы пра цану на газ для Беларусі, Румас падкрэсліў: "Наша пазіцыя — гэта цана найбліжэйшага ад нас рэгіёна Расійскай Федэрацыі Смаленскай вобласці плюс выдаткі на транспарціроўку. Мы лічым, што роўныя ўмовы для суб`ектаў гаспадарання, а ў гэтым мэта інтэграцыі, павінны ўключаць і роўныя цэны на энерганосьбіты. Пытанне, з якога года будзе ўжо непасрэдна цана Смаленскай вобласці, — гэта ўжо непасрэдна пытанне перамоваў".

Як паведамлялася, 6 снежня ў Сочы адбудзецца сустрэча прэм`ер-міністраў Беларусі і Расіі Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Чакаецца, што яны абмяркуюць ход узгаднення дарожных карт паглыбленай інтэграцыі. Следам за прэм`ерамі 7 снежня плануюць правесці перамовы ў Сочы Пуцін і Лукашэнка. Гэтую інфармацыю пацвердзіў напярэдадні прэс-сакратар расійскага лідара Дзмітрый Пяскоў.

Раней планавалася, што дарожныя карты паглыбленай інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі (усяго іх 31) будуць прадстаўленыя на разгляд лідараў дзвюх краін Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна да 1 снежня, каб падпісаць іх праз тыдзень, у 20-ю гадавіну дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы. У лістападзе прэм`ер-міністр Беларусі Сяргей Румас заявіў, што дакументы не будуць падпісаныя без уліку беларускіх інтарэсаў. 17 лістапада Аляксандр Лукашэнка ў час галасавання на парламенцкіх выбарах выказаў абурэнне стратамі, якія нясе эканоміка краіны з-за новых умоў, якія выстаўляюцца Расіяй. "Выбачайце, на храна патрэбен каму такі саюз?" — сказаў афіцыйны лідар.

5 снежня падчас звароту да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і членаў Савета Рэспублікі Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што праца над праграмай дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі ў рамках Саюзнай дзяржавы і пакетам дарожных карт, а таксама дамовамі па адчувальных для абодвух бакоў пытаннях знаходзіцца на завяршальнай стадыі. У той жа час кіраўнік дзяржавы акцэнтаваў увагу, што пакуль не вырашаны шэраг прынцыповых пытанняў, у прыватнасці па газе і нафце. "Нават элементарнае пытанне не вырашанае па бруднай нафце. А мы ж правалілі ВУП у асноўным з-за нафтавых праблем", — сказаў афіцыйны лідар.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН