Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2019/12/23/ru_1027830_1027831/
Дата раздрукоўкі: 12.06.2021 20:02
23.12.2019 10:15 Эканоміка, Палітыка

Эксперты: Перамовы па паглыбленні інтэграцыі могуць зацягнуцца

Мінск, 23 снежня. Беларусь і Расія не змогуць да канца года дамовіцца па ўсіх ключавых эканамічных пытаннях, перамовы аб паглыбленні беларуска-расійскай інтэграцыі зацягнуцца, лічаць эксперты.

Каментуючы БелаПАН вынікі года, старшы аналітык "Альпары" Вадзім Іосуб адзначыў, што беларуска-расійскія перамовы аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі "пакінулі непрыемны асадак". "Выключна негатыўныя эмоцыі выклікаў той факт, што дакументы па паглыбленні эканамічнай інтэграцыі аказаліся сакрэтнымі. Нават дэпутатаў, гэта значыць народных абраннікаў, з імі не азнаёмілі", — сказаў Іосуб.

Паводле яго слоў, з публічных крыніц зразумела, што той фармат эканамічнай інтэграцыі, які прапанавала Расія, не задаволіў беларускі бок. "Па гэтай прычыне можна чакаць зацягвання перамоўнага працэсу па тых пытаннях, якія ўлады Беларусі і Расіі ў гэтым годзе абмяркоўвалі", — прагназуе Іосуб.

Пры гэтым эксперты ўпэўненыя, што беларускі бок у перамовах з Расіяй будзе адстойваць суверэнітэт.

"Важны для краіны вынік года, які стаў відавочным на фоне перамоў аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі з Расіяй, — рэакцыя грамадства. Насельніцтва адназначна выступае за суверэнітэт, і мы абавязаны яго захаваць. Не для таго нам Бог падараваў суверэнітэт, каб мы цяпер з ім рассталіся", — падкрэсліў у каментары БелаПАН старшыня Рэспубліканскага саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандр Швец.

Беларусі не варта было наогул уступаць у перамовы з Расіяй аб паглыбленні эканамічнай інтэграцыі, лічыць старшы навуковы супрацоўнік Беларускага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Дзмітрый Крук.

"Цяпер расійскі бок увязвае зніжэнне кошту энерганосьбітаў Беларусі са стварэннем агульнай эканомікі, наднацыянальных органаў, што фактычна з`яўляецца пагрозай для эканамічнага суверэнітэту Беларусі", — мяркуе Крук. Такога павароту падзей варта было чакаць, лічыць эксперт.

Расія і Беларусь пакуль не дасягнулі пагаднення па нафце, газе і падатковай сферы, паведаміў журналістам кіраўнік Мінэканамразвіцця Расіі Максім Арэшкін па выніках чарговых перамоў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, якія прайшлі 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу.

Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі ў Маскве 19 снежня заявіў, што кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласці, магчымы пры стварэнні наднацыянальных органаў. Паводле яго слоў, у Беларусі самыя нізкія цэны на газ, якія толькі магчымыя для замежных партнёраў Расіі, — 127 долараў за тысячу кубоў. Пры гэтым сярэдняўзважаная цана па Расіі — 70 долараў. Пуцін адзначыў, што чым далей ад месцаў здабычы пастаўляецца газ у расійскія рэгіёны, тым больш датуецца цана з бюджэту. "Смаленск адносіцца да такой зоны, дзе датаванне самае высокае", — сказаў ён. Паводле слоў Пуціна, магчымы варыянт, калі Расія будзе датаваць кошт газу для Беларусі, як для Смаленскай вобласці. "Але што для гэтага трэба? Для гэтага патрэбныя агульныя правілы ў выглядзе законаў, у тым ліку ў сферы падатковага абкладання, у сферы датацыйнай палітыкі, у сферы падтрымкі з бюджэтаў розных узроўняў тых ці іншых галін. Для гэтага нават патрэбныя агульныя наднацыянальныя органы — кантрольны і эмісійны. Павінны агульныя правілы ў сферы антыманапольнай палітыкі працаваць, а можа быць, і агульны орган. Гэта велізарная праца, і яна можа быць праведзена толькі ў тым выпадку, калі ёсць палітычная воля і жаданне з абодвух бакоў", — заявіў расійскі кіраўнік.

"У нас такое жаданне ёсць", — падкрэсліў Пуцін. "Мы абмяркоўваем з нашымі беларускімі партнёрамі гэта, рухаемся наперад у значнай ступені, — сказаў ён. — Але на што мы зможам выйсці, пакуль незразумела. Забягаць наперад і пачынаць датаваць для Беларусі тое, што мы цяпер не гатовыя рабіць, ва ўмовах недавырашанасці пытання саюзнага будаўніцтва, было б з нашага боку памылковым".

7, 8, 20 і 21 снежня ў цэнтры Мінска прайшлі масавыя вулічныя акцыі супраць інтэграцыі з Расіяй.

Дзмітрый Заяц, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2021 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239