Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/01/10/ru_1029251_112255/
Дата раздрукоўкі: 01.10.2020 22:41
10.01.2020 10:41 Палітыка, Грамадства

Сёння — чарговы дзень шматлікіх судоў над удзельнікамі снежаньскіх акцый супраць беларуска-расійскай інтэграцыі

Мінск, 10 студзеня. 10 студзеня — чарговы дзень шматлікіх судоў над удзельнікамі акцый супраць беларуска-расійскай інтэграцыі, якія прайшлі 7, 8, 20 і 21 снежня.

Апазіцыйных палітыкаў і грамадскіх актывістаў судзяць за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах (артыкул 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях).

Згодна са звесткамі праваабарончага сайта spring96.org, сёння ў розных судах Мінска плануецца разгледзець больш за два дзясяткі адміністрацыйных спраў. У ліку падсудных: журналісты Вольга Быкоўская і Дзіяна Серадзюк, блогеры Эдуард Пальчыс і Дзмітрый Казлоў, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя" Вольга Кавалькова, намеснік старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Юрый Беленькі, старшыня руху "За Свабоду" Юрый Губарэвіч, палітыкі Вячаслаў Сіўчык і Ігар Лялькоў, пісьменнік Уладзімір Арлоў, актывісты Ганна Шапуцька, Святлана Каваленка, Ніна Багінская, Мая Навумава, Андрэй Рогаў, Галіна Лагацкая, Даніла Лаўрэцкі, Марына Адамовіч (жонка апазіцыйнага палітыка Мікалая Статкевіча) і іншыя.

Працэсы над некаторымі ўдзельнікамі акцый таксама пройдуць у Лідзе (Гродзенская вобласць) і ў судзе Дубровенскага раёна (Віцебская вобласць).

Суды над удзельнікамі снежаньскіх акцый — больш за 40 адміністрацыйных працэсаў — пачаліся 8 студзеня. Падсудных, як правіла, караюць буйнымі штрафамі. Агульная сума штрафаў, налічаных толькі 9 студзеня, склала прыблізна 15 тысяч долараў, паведамляюць праваабаронцы.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239