Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/01/10/ru_1029339_1029340/
Дата раздрукоўкі: 28.01.2020 01:51
10.01.2020 19:48 Эканоміка, Палітыка

Беларусь увяла падатак на транзіт нафты па сваёй тэрыторыі

Мінск, 10 студзеня. У Беларусі ўводзіцца экалагічны падатак на транзіт нафты і нафтапрадуктаў трубаправодамі па тэрыторыі краіны. Гэта прадугледжвае падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам указ № 9 "Аб падаткаабкладанні", паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

"У мэтах фарміравання крыніцы грашовых сродкаў для ліквідацыі магчымых экалагічных наступстваў у выпадку аварыі на магістральным нафтаправодзе або іншых непрадбачаных сітуацый, звязаных з перамяшчэннем нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі, для арганізацый, якія ажыццяўляюць транспарціроўку нафты і нафтапрадуктаў, устаноўлена стаўка падатку на прыбытак у памеры 50%", — гаворыцца ў паведамленні.

Акрамя таго, у адпаведнасці з указам, "прызнана аб`ектам падаткаабкладання экалагічным падаткам транзітная транспарціроўка па тэрыторыі Беларусі нафты і нафтапрадуктаў магістральнымі трубаправодамі".

1 студзеня Расія спыніла пастаўкі нафты ў Беларусь у сувязі з рознагалоссямі па цане: 31 снежня скончыліся гадавыя кантракты, а новыя пакуль не падпісаныя. Пасля спынення паставак нафты Беларусь спыніла экспарт нафтапрадуктаў. Пры гэтым транзіт нафты праз Беларусь ажыццяўляецца без абмежаванняў.

Мінск настойвае на адмене прэміі да цаны паставак, якая складае каля 10 долараў за тону. Такім чынам беларускія ўлады разлічвалі атрымаць кампенсацыю за падатковы манеўр у Расіі, які прыводзіць да падаражання сыравіны для Беларусі.

9 студзеня Аляксандр Лукашэнка пракаментаваў сітуацыю са спыненнем Расіяй паставак нафты ў Беларусь. "Чаму мы да гэтага часу з прэзідэнтам Расіі (ужо выйшла на наш узровень) не дамовіліся па нафце? Ды таму, што Расія хоча, каб мы купілі ў яе нафту па цэнах вышэйшых за сусветную. Дзе такое бачана?" — абурыўся беларускі кіраўнік на цырымоніі ўручэння прэмій "За духоўнае адраджэнне".

"Таму я і адмовіўся ад такой нафты, — працягнуў ён. — І прама заявіў: калі не будзе паставак па сусветнай цане з Расіі нафты, мы знойдзем гэтую нафту ў іншым месцы. Што мы і робім. І знайшлі. Няхай сабе гэта даражэй, але мы знойдзем. Напэўна, не час гаварыць гэтую праўду, паколькі ідзе працэс перамоў. Але гэта так".

У снежні Беларусь і Расія ўзгаднілі індыкатыўны баланс паставак нафты, згодна з якім у 2020 годзе Беларусь павінна атрымаць 24 млн тон расійскай нафты.

Паводле ацэнак канцэрна "Белнафтахім", у гэтым годзе з-за падатковага манеўру кошт расійскай нафты для беларускіх НПЗ вырасце на 20 долараў за тону. Цяпер яна складае 83% ад сусветнай. У студзені—кастрычніку мінулага года Беларусь імпартавала нафту з Расіі па сярэднім кошце 364 долары за тону.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН