Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/01/13/ru_1029450_1029451/
Дата раздрукоўкі: 01.04.2020 19:56
13.01.2020 14:23 Эканоміка, Палітыка

Беларусь і Расія не ўзгаднілі тарыф на транзіт нафты

Мінск, 13 студзеня. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Беларусі і Федэральная антыманапольная служба Расіі пакуль не ўзгаднілі павышэнне тарыфу на транзіт нафты па магістральных трубаправодах Беларусі, паведамілі БелаПАН у прэс-службе МАРГ.

Як адзначылі ў ведамстве, перамовы прайшлі 13 студзеня ў рэжыме відэаканферэнцыі.

Згодна з дзейнай методыкай, тарыфы павінны быць узгоднены да 15 студзеня. Калі гэта не атрымаецца зрабіць, рашэнне неабходна прыняць да 1 лютага.

Беларускі бок раней прапанаваў павысіць тарыф на 16,6%.

У пачатку снежня 2019 года афіцыйны прадстаўнік "Транснефці" Ігар Дзёмін пацвердзіў, што кампанія атрымала ад беларускіх калег прапанову па павышэнні тарыфу. "У адпаведнасці з прынятай методыкай мы адказалі, што не згодныя з прапанаваным павышэннем, бо яно значна вышэйшае за меркаваныя велічыні пасля павышэння тарыфаў летам і не пацверджанае разлікамі. На падставе той жа методыкі мы праінфармавалі ФАС аб гэтым патрабаванні", — сказаў Дзёмін.

1 верасня 2019 года Беларусь на 3,7% павысіла тарыфы на транспарціроўку нафты па ўчастках магістральнага трубаправода ААТ "Гомельтранснафта Дружба", размешчаных на тэрыторыі рэспублікі. Гэта прадугледжана пастановай Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю ад 9 жніўня, якім унесена змяненне ў адпаведную пастанову ведамства ад 15 студзеня 2019 года № 3.

Рашэнне прынята з мэтай частковай кампенсацыі недаатрыманай выручкі ААТ "Гомельтранснафта Дружба" ў сувязі з пастаўкамі ў Беларусь забруджанай нафты, гаворыцца ў дакуменце. Папярэднія тарыфы дзейнічалі з 1 лютага. У сувязі са зніжэннем аб'ёмаў транзіту расійскай нафты па нафтаправодзе "Дружба" ў II квартале беларускі аператар трубаправода ААТ "Гомельтранснафта Дружба" звярнуўся да тарыфных рэгулятараў па пазапланавы перагляд тарыфаў на прапампоўку нафты, паведамляў раней канцэрн "Белнафтахім". Падчас перамоў 6 жніўня бакі "дасягнулі прынцыповых дамоўленасцяў" аб неабходнасці забеспячэння ААТ "Гомельтранснафта Дружба" аб'ёмаў выручкі ў памерах, якія прагназаваліся на 2019 год.

"Сёння ні расійскі, ні беларускі бок не могуць адназначна вызначыць аб'ёмы транспарціроўкі нафты ў IV квартале 2019 года, таму мы дамовіліся на першым этапе павысіць тарыфы на 3,7% і вярнуцца да гэтага пытання па выніках працы за год. Такім чынам, па выніках працы ў 2019 годзе будзе праведзены аналіз сітуацыі з прапампоўкай нафты па беларускай частцы трубаправода і вызначаны памер далейшага змянення тарыфаў", — пракаментавалі ў канцэрне.

Акрамя таго, як паведамлялася, у Беларусі ўводзіцца экалагічны падатак на транзіт нафты і нафтапрадуктаў трубаправодамі па тэрыторыі краіны. Гэта прадугледжвае падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам указ № 9 "Аб падаткаабкладанні". "У мэтах фарміравання крыніцы грашовых сродкаў для ліквідацыі магчымых экалагічных наступстваў у выпадку аварыі на магістральным нафтаправодзе або іншых непрадбачаных сітуацый, звязаных з перамяшчэннем нафты і нафтапрадуктаў па тэрыторыі Беларусі, для арганізацый, якія ажыццяўляюць транспарціроўку нафты і нафтапрадуктаў, устаноўлена стаўка падатку на прыбытак у памеры 50%", — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы кіраўніка дзяржавы.

У адпаведнасці з указам, "прызнана аб'ектам падаткаабкладання экалагічным падаткам транзітная транспарціроўка па тэрыторыі Беларусі нафты і нафтапрадуктаў магістральнымі трубаправодамі".

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН