Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/01/23/ru_1030497_1030498/
Дата раздрукоўкі: 24.09.2020 01:56
23.01.2020 16:56 Грамадства

Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя: Беларускія медыкі маюць рэактывы для выяўлення каранавіруса 2019-nCoV

Мінск, 23 студзеня. Беларускія медыкі маюць рэактывы для выяўлення каранавіруса 2019-nCoV, які распаўсюджваецца ў свеце, заявіў міністр аховы здароўя Беларусі Уладзімір Каранік.

"Цяпер мы атрымалі ўсе рэактывы, якія дазваляюць выяўляць менавіта гэты вірус 2019 года — новы штам, які быў выяўлены ў КНР", — цытуе кіраўніка Міністэрства аховы здароўя тэлеграм-канал Агенцтва тэлевізійных навін (ATN-News).

Каранік запэўніў, што ў частцы прафілактыкі завозу віруса ў краіну прыняты ўсе неабходныя меры. У аэрапорце усіх асоб, што прылятаюць, сустракаюць з цеплавізарам, які дазваляе выявіць пасажыраў з перавышэннем тэмпературы цела і прыкметамі інфекцыйнага захворвання, узмоцнена роля санстанцыі, якая дзяжурыць у аэрапорце.

"Нашы лабараторыі атрымалі тэст-сістэму, якая дапамагае дыягнаставаць новы штам віруса, каб мы маглі своечасова і аператыўна ўстанаўліваць дыягназ", — расказаў міністр.

Сёння прэс-служба Міністэрства аховы здароўя паведаміла, што адна з пацыентак Мінскай інфекцыйнай бальніцы абследуецца на наяўнасць каранавіруса новага тыпу. Дзяўчына была дастаўлена ў бальніцу 22 студзеня з падазрэннем на новы каранавірус 2019-nCoV. Яна скардзілася на болі ў мышцах, павышаную да 38,5°С тэмпературу цела, кашаль. Папярэдні дыягназ пацыенткі — "вострая рэспіраторная вірусная інфекцыя", адзначылі ў Міністэрстве аховы здароўя.

"З гутаркі з пацыенткай стала вядома, што 20 студзеня яна вярнулася з паездкі ў Шанхай (Кітай). На сённяшні момант дзяўчына знаходзіцца, як і іншыя пацыенты з непацверджанымі дыягназамі, у асобным боксе. У яе ўзятыя аналізы на рэспіраторную групу вірусаў", — падкрэсліла прэс-сакратар міністэрства Юлія Барадун.

Раніцай 23 студзеня ў бальніцы быў праведзены кансіліум з удзелам вядомых урачоў. "Выстаўлены дыягназ, які на гэты момант ужо пацверджаны лабараторна — "грып В", сярэдняй ступені цяжкасці. Праводзіцца лабараторнае даследаванне для выключэння напластавання каранавіруснай інфекцыі", — адзначыла Барадун.

У канцы снежня ўлады Кітая інфармавалі СААЗ пра ўспышку невядомай пнеўманіі ў горадзе Ухань. У пачатку студзеня кітайскія медыкі ўстанавілі ўзбуджальніка хваробы — каранавірус 2019-nCoV. Інкубацыйны перыяд віруса новага тыпу можа складаць каля 14 дзён.

Як паведамляе газета Global Times, па стане на 23 студзеня колькасць пацверджаных выпадкаў інфікавання вірусам у Кітаі склала 550 чалавек, 17 чалавек памерлі. Выпадкі заражэння пнеўманіяй новага тыпу пацверджаны ў 25 правінцыях, аўтаномных раёнах і гарадах Кітая. Акрамя таго, выпадкі заражэння выяўлены ў ЗША, Японіі, Рэспубліцы Карэя, Тайландзе.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239