Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/01/27/ru_1030808_874512/
Дата раздрукоўкі: 01.04.2020 08:49
27.01.2020 13:35 Палітыка

Апазіцыя пачала працэдуру выбару адзінага кандыдата

Мінск, 27 студзеня. Лідары пяці апазіцыйных партый 27 студзеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску абвясцілі аб пачатку працэдуры выбару адзінага кандыдата ў прэзідэнты Беларусі.

Пра тое, як будзе праходзіць палітычная кампанія, расказалі прадстаўнікі Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Аб`яднанай грамадзянскай партыі, руху "За Свабоду", аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская хрысціянская дэмакратыя", Партыі БНФ.

"Гэта першы этап вяртання свабодных выбараў у Беларусь. Яны дазваляюць прыцягнуць грамадзян. Мы не абмяжоўваем удзел актывістамі, членамі партый. Наша задача — прыцягнуць як мага больш людзей", — заявіў старшыня АГП Мікалай Казлоў.

Працэдура прадугледжвае выкарыстанне рэйтынгавай сістэмы. Патэнцыйна кандыдат можа набраць 100 балаў. Першыя 10 балаў будуць размеркаваныя паміж партыямі. 30 балаў можна атрымаць падчас інтэрнэт-галасавання, 30 — падчас галасавання ў рэгіёнах, 30 — на Кангрэсе дэмакратычных сіл.

Як заявіў старшыня БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, узяць удзел у выбарах зможа прадстаўнік партыі, які мае рашэнне органа кіравання, альбо звычайны грамадзянін, што сабраў 200 подпісаў. Усе ўдзельнікі таксама абавязаныя заплаціць узнос у эквіваленце 500 еўра — гэтыя грошы пойдуць на арганізацыю працэдуры выбараў.

15 студзеня пачалося стварэнне штаба праймерыз. Гэты працэс плануецца завяршыць да 2 лютага. З 3 па 16 лютага будуць прымаць заяўкі ахвотных удзельнічаць у працэдуры выбараў адзінага кандыдата, з 16 лютага па 3 сакавіка будзе праведзены аналіз пададзеных заявак. Спіс прэтэндэнтаў плануецца абвясціць 4 сакавіка.

З 4 сакавіка па 30 красавіка адбудзецца інтэрнэт-галасаванне, з 4 сакавіка па 14 мая — праймерыз у рэгіёнах.

Канчаткова кандыдат будзе вызначаны на Кангрэсе дэмакратычных сіл, які плануецца правесці ў перыяд з 15 па 30 мая.

"У паездках па рэгіёнах мы плануем аб`ехаць да 80 гарадоў, у кожным пункце будзе праходзіць галасаванне. Бюлетэні будуць адмысловага фармату, кожны ахвотны павінен пакінуць пашпартныя звесткі", — сказаў Казлоў.

(Будзе дапоўнена.)

Ян Аўсеюшкін, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН