Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/01/ru_1031084_123/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 04:27
01.02.2020 11:05 Грамадства, Эканоміка

Выраслі мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі

Мінск, 1 лютага. У сувязі з павелічэннем 1 лютага бюджэту пражытковага мінімуму ў Беларусі павялічыліся мінімальныя працоўныя і сацыяльныя пенсіі, паведамілі ў Мінпрацы і сацыяльнай абароны.

Таксама выраслі даплаты пенсіянерам 75 гадоў і старэйшым, якія атрымліваюць пенсіі ў органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне, надбаўкі да пенсій і павышэнні пенсій асобных катэгорый пенсіянераў, дапамогі для догляду інваліда I групы або асобы, якая дасягнула 80 гадоў.

Мінімальны памер пенсіі па ўзросце, якая прызначаецца асобам, якія маюць стаж 25 і 20 гадоў у мужчын і жанчын адпаведна, з улікам даплаты ў 20% сярэдняй заработнай платы для вылічэння пенсій цяпер складае 245,12 рубля (59,97 — мінімальны памер, 185,15 — даплата).

Сацыяльныя пенсіі, якія прызначаюцца пры неатрыманні працоўнай пенсіі, цяпер складаюць: інвалідам І групы, у тым ліку з дзяцінства, — 263,86 рубля; інвалідам з дзяцінства II групы — 227,88; інвалідам ІІ групы, дзецям у выпадку страты карміцеля — 203,89; інвалідам ІІІ групы — 179,90; асобам старэйшым за агульнаўстаноўлены пенсійны ўзрост — 119,94. Дзецям-інвалідам да 18 гадоў пры першай ступені страты здароўя сацыяльная пенсія складзе 191,90 рубля, другой — 203,89 рубля, трэцяй — 227,88 рубля, чацвёртай — 263,86 рубля.

Даплаты да пенсій непрацуючым пенсіянерам, якія дасягнулі 75 гадоў, з сённяшняга дня складаюць 44,98 рубля, 80 гадоў — 59,97 рубля.

Надбаўкі да пенсій інвалідам І групы складуць 59,97 рубля, пенсіянерам, якія дасягнулі 80 гадоў, — 29,99 рубля.

1 лютага таксама павышаныя пенсіі шэрагу катэгорый грамадзян, у тым ліку: узнагароджаным ордэнамі Айчыны і Славы трох ступеняў; інвалідам вайны; ваеннаслужачым, якiя праходзiлi службу ў складзе дзейнай арміі альбо якія бралі ўдзел у баявых дзеяннях пры выкананні інтэрнацыянальнага абавязку; асобам з ліку вольнанаёмнага складу, якія праходзілі службу або працавалі ў складзе дзейнай арміі; асобам, якія бралі ўдзел у складзе спецыяльных фарміраванняў у размінаванні тэрыторый і аб`ектаў пасля вызвалення ад нямецкай акупацыі ў 1943—1945 гадах; асобам, якія працавалі ў перыяд блакады Ленінграда на прадпрыемствах, ва ўстановах і арганізацыях горада, і асобам, узнагароджаным знакам "Жыхару блакаднага Ленінграда"; былым вязням фашысцкіх канцлагераў (гета і іншых месцаў прымусовага ўтрымання ў перыяд вайны), калі яны не ўчынілі ў гэты перыяд злачынстваў супраць Радзімы, і іншым.

Дапамога для догляду інваліда І групы або асобы, якая дасягнула 80 гадоў, складае: пры ажыццяўленнi догляду адной асобай — 239,87 рубля; пры ажыццяўленні догляду дзвюх асоб і больш — 287,84 рубля.

Як паведамлялася, у снежні 2019 года ў параўнанні з лістападам рэальны памер пенсій (з улікам інфляцыі) знізіўся на 0,6%, за апошнія 12 месяцаў — вырас на 8,1%, сведчаць дадзеныя Белстата.

У органах па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне ў снежні 2019 года на ўліку стаяла 2 млн 531,9 тыс. пенсіянераў, сярэдні памер прызначаных ім пенсій склаў 431,3 рубля, што ў 2,4 разу перавысіла афіцыйны бюджэт пражытковага мінімуму для гэтай катэгорыі насельніцтва і дасягнула 34,8% сярэдняй зарплаты.

Сярэдні памер пенсіі па ўзросце ў снежні 2019 года склаў 445,9 рубля (на 0,4 рубля менш, чым у лістападзе), па інваліднасці — 388,3 рубля (-0,2 рубля), у сувязі са стратай карміцеля — 291,4 (-0,3), сацыяльнай пенсіі — 215,1 (-0,1).

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239