Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/01/ru_1031412_123/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 04:26
01.02.2020 10:42 Палітыка

У Мінск прыбыў дзяржсакратар ЗША Майкл Пампеа

Мінск, 1 лютага. У Мінск прыбыў дзяржаўны сакратар Злучаных Штатаў Амерыкі Майкл Пампеа.

Візіт ажыццяўляецца ў рамках паездкі Пампеа па шэрагу постсавецкіх краін: Украіна — Беларусь — Казахстан — Узбекістан.

31 студзеня дзяржсакратар ЗША наведаў Кіеў, дзе адбыліся яго перамовы з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і некаторымі іншымі ўкраінскімі чыноўнікамі.

"1 лютага ў Мінску дзяржсакратар сустрэнецца з прэзідэнтам Лукашэнкам і міністрам замежных спраў Макеем, каб падкрэсліць прыхільнасць ЗША суверэннай, незалежнай, стабільнай і квітнеючай Беларусі, а таксама пацвердзіць наша жаданне нармалізаваць двухбаковыя адносіны", — паведаміў на мінулым тыдні Дзярждэпартамент ЗША.

Напярэдадні прыезду дзяржсакратара лідары беларускіх апазіцыйных партый перадалі ў пасольства ЗША адрасаваны яму зварот. У ім гаворыцца, што для прыхільнікаў пераменаў у Беларусі важна пачуць ад афіцыйных прадстаўнікоў ЗША, што "Вашынгтон застаецца адданым духу і абавязацельствам, зафіксаваным у Будапешцкім мемарандуме". (Мемарандум быў падпісаны ў 1994 годзе кіраўнікамі Беларусі, Расіі, ЗША і Вялікабрытаніі. У сувязі з добраахвотнай адмовай Беларусі ад статусу ядзернай дзяржавы ЗША, Расія і Вялікабрытанія абавязаліся "ўстрымлівацца ад эканамічнага прымусу, накіраванага на тое, каб падпарадкаваць сваім уласным інтарэсам ажыццяўленне Рэспублікай Беларусь правоў, уласцівых яе суверэнітэту, і такім чынам забяспечыць сабе перавагу любога роду". — БелаПАН.)

"Такое пасланне асабліва актуальнае цяпер, пасля трагічных падзей, што адбываюцца ва Украіне, і ў сувязі з узрослымі рызыкамі і пагрозамі для суверэнітэту Беларусі з боку Расійскай Федэрацыі", — падкрэсліваецца ў звароце.

Прадстаўнікі апазіцыі лічаць, што пытаннем № 1 у перамовах Вашынгтона і Мінска павінна стаць правядзенне ў Беларусі сумленных, свабодных выбараў па стандартах АБСЕ, а таксама звяртаюць увагу на актуальнасць расследавання знікненняў апанентаў беларускага рэжыму ў 1999—2000 гадах.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239