Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/01/ru_1031438_123/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 01:02
01.02.2020 14:15 Палітыка

Пампеа пра санкцыі супраць Беларусі: Будзем разглядаць, якія санкцыі можна зняць

фота: U.S. Department of State / Flickr
Мінск, 1 лютага. У Злучаных Штатах будуць разглядаць, якія санкцыі супраць Беларусі можна зняць, але пакуль краіны ў сваіх адносінах "не дайшлі да гэтага пункту", заявіў на прэс-канферэнцыі 1 лютага ў Мінску дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа.

"Што тычыцца тэмы выканання правоў чалавека і санкцый, сёння мы бачым паляпшэнне сітуацыі на гэтым фронце, — заявіў ён. — Мы лічым, што будзем працягваць супрацоўнічаць з Беларуссю для таго, каб палепшыць гэтую сітуацыю. Санкцыі прынятыя законам. Мы будзем разглядаць, як яны дзейнічаюць, якія можна зняць санкцыі і ў выніку чаго. Пакуль што мы да гэтага пункту не дайшлі, але ў такія моманты, як сёння, усё гэта нас набліжае да гэтай мэты".

Гаворачы пра сутнасць знешняй палітыкі прэзідэнта ЗША Дональда Трампа America First ("Спярша Амерыка"), кіраўнік амерыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што "часта гаворка ідзе, у асноўным, пра бяспеку, абарону таго, што нам важна".

"Вы бачыце, што мы зрабілі ва Украіне, якім чынам мы павялічылі свае інвестыцыі, каб забяспечыць бяспеку ва Украіне, — сказаў ён. — Гэта тое, чаго не зрабіла папярэдняя адміністрацыя [прэзідэнта ЗША]. Яны несур`ёзна паставіліся да абавязацельстваў забеспячэння бяспекі, а мы гэта зрабілі. І будзем працягваць гэта рабіць тут у Беларусі. Мы хочам быць часткай гэтага працэсу. Гэта ўсё звязана з пэўнымі патрабаваннямі — мы павінны ўбачыць нейкі прагрэс тут, каб еўрапейскія краіны ўдзельнічалі ў гэтым. Ёсць некаторыя канкрэтныя пытанні прагрэсу па правах чалавека, мы гаварылі пра гэта. Рэлігійныя свабоды і гэтак далей — гэта тое, дзе мы хочам убачыць паляпшэнні".

Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей заявіў, што Беларусь "вітала б больш актыўную ролю Злучаных Штатаў у Беларусі, зыходзячы з таго значэння, якое іграюць ЗША на сусветнай арэне".

"Мы зацікаўленыя ў тым, каб амерыканскі бізнес прысутнічаў тут, больш актыўна працаваў тут, — падкрэсліў ён. — Мы зацікаўленыя ў тым, каб больш актыўна развівалася супрацоўніцтва паміж рознымі ўрадавымі структурамі. Перад намі стаіць вельмі шмат агульных выклікаў і пагроз, з якімі мы можам і павінны змагацца разам, якія мы можам перамагчы толькі разам. Яны сёння абмяркоўваліся на сустрэчы дзяржсакратара з прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь. Гэта і барацьба з тэрарызмам, барацьба з гандлем людзьмі, наркатрафікам, захаванне бяспекі ў рэгіёне і свеце ў цэлым".

"Мы лічым, што, нават нягледзячы на нейкія існуючыя рознагалоссі паміж нашымі краінамі, ёсць шэраг сфер, дзе мы маем агульны інтарэс і дзе мы можам супрацоўнічаць больш эфектыўна, — дадаў кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства. — Што тычыцца адчувальнай сферы для ЗША — пытанні дэмакратыі і правоў чалавека, то гэтыя пытанні таксама сёння, як сказаў дзяржсакратар, вельмі дэталёва і падрабязна абмяркоўваліся".

Паводле слоў Макея, Беларусь, "магчыма, не з`яўляецца абсалютна ідэальнай краінай у гэтым плане". "Мы разумеем, што і мы павінны рэалізоўваць нейкія рэформы ў той ці іншай сферы, у тым ліку і ў сферы ўдасканалення правоў чалавека. І мы гэта робім. У нас у адпаведнасці з рэкамендацыямі ААН распрацаваны нацыянальны план па правах чалавека, які паспяхова рэалізуецца разам з шэрагам няўрадавых арганізацый. Мы вядзем актыўны дыялог з ЗША па правах чалавека. Гэты дыялог вядзецца не проста дзеля дыялогу, на ім абмяркоўваюцца канкрэтныя пытанні і праблемы, выпрацоўваюцца канкрэтныя меры па ўдасканаленні сітуацыі ў гэтай сферы", — заявіў кіраўнік МЗС.

Макей выказаў перакананасць у тым, што паступова пазіцыі, па якіх Беларусь і ЗША "пакуль яшчэ разыходзяцца, будуць збліжаныя". Гэта, паводле яго слоў, дапаможа "пераадолець праблемныя моманты, якія засталіся, у адносінах" паміж краінамі.

Пасля выбараў прэзідэнта Беларусі 2006 года ЗША ўвялі санкцыі ў дачыненні да групы высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў за парушэнні падчас выбарчай кампаніі. Гэтыя санкцыі штогод працягваюцца ў сувязі з парушэннямі правоў чалавека. Чарговы тэрмін дзеяння санкцый мінае ў чэрвені 2020 года. Спіс асоб, якія падпадаюць пад санкцыі, афіцыйна не публікаваўся. Паводле неафіцыйнай інфармацыі, у яго ў тым ліку ўваходзяць Аляксандр Лукашэнка і яго сын Віктар Лукашэнка, кіраўнік ЦВК Лідзія Ярмошына, Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта, а таксама былы дзяржсакратар Савета бяспекі), Наталля Пяткевіч (былы прэс-сакратар прэзідэнта).

Тады ж, у 2006 годзе, ЗША ўвялі эканамічныя санкцыі супраць шэрагу беларускіх прадпрыемстваў у сувязі з парушэннем правоў чалавека ў Беларусі. Пад санкцыі трапілі Беларускі нафтавы гандлёвы дом, канцэрн "Белнафтахім", Belneftekhim USA Inc., ААТ "Белшына", "Гродна Азот", "Гродна Хімвалакно", "Лакафарба", "Нафтан" і "Полацк-Шкловалакно". Гэтыя санкцыі таксама штогод працягваліся.

29 кастрычніка 2015 года Мінфін ЗША прыняў рашэнне аб частковым змякчэнні санкцый на паўгода, дазволіўшы транзакцыі. Пры гэтым, калі сума здзелкі з названымі беларускімі прадпрыемствамі перавышае 10 тысяч долараў, грамадзяне ЗША абавязаныя ставіць у вядомасць упраўленне кантролю замежных актываў Дзярждэпартамента. Гэтае рашэнне працягвалася кожныя паўгода.

У кастрычніку 2018 года ЗША працягнулі яго на год, а ў кастрычніку 2019-га — на паўтара года (да 26 красавіка 2021 года). Беларускі бок успрыняў гэты факт як прагрэс у двухбаковых адносінах.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239