Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/01/ru_1031444_123/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 00:39
01.02.2020 15:05 Палітыка, Эканоміка

Пампеа: ЗША гатовыя цалкам забяспечыць Беларусь нафтай па канкурэнтных цэнах

фота: БелаПАН
Мінск, 1 лютага. Злучаныя Штаты Амерыкі гатовыя цалкам забяспечыць Беларусь нафтай па канкурэнтных цэнах, заявіў дзяржаўны сакратар ЗША Майкл Пампеа на прэс-канферэнцыі 1 лютага ў Мінску па выніках перамоваў з Аляксандрам Лукашэнкам.

"Мы правялі доўгую гутарку аб эканамічных пытаннях. Спадар Лукашэнка сказаў, што Беларусь — суверэнная і незалежная краіна, якая не можа быць часткай якой-небудзь іншай краіны. ЗША хочуць дапамагчы Беларусі стварыць сваю ўласную суверэнную дзяржаву. Таму нашы вытворцы энергарэсурсаў гатовыя забяспечыць вас неабходнай нафтай на 100% па канкурэнтных цэнах", — зазначыў дзяржсакратар.

"Мы самы буйны вытворца энергарэсурсаў у свеце. Усё, што вам трэба, — сказаць нам, звярнуцца да нас", — дадаў Пампеа.

1 студзеня Расія спыніла пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці кантрактаў на 2020 год. Бакі да гэтага часу не могуць дамовіцца пра цану. Мінск шукае альтэрнатыўныя крыніцы нафты.

Тэму дыверсіфікацыі паставак нафты Лукашэнка ў чарговы раз падняў падчас размовы з работнікамі Завода газетнай паперы ў Шклове 24 студзеня. Як заявіў беларускі кіраўнік, варыянты альтэрнатыўных паставак нафты ў Беларусь не блеф ці павышэнне ставак перад перамовамі з Расіяй. "Вы ж бачыце, што кожны год перад Новым годам нам даводзіцца стаяць на каленях і вымольваць гэтыя нафтапрадукты", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што ў размове з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным зусім не блефаваў і абмаляваў карціну, як Беларусь будзе дзейнічаць, калі расійскі бок не зменіць сваю пазіцыю.

Адзін з маршрутаў альтэрнатыўнай пастаўкі — праз парты на Балтыцы, і такім чынам ужо закуплена і пастаўляецца партыя нарвежскай нафты. Яшчэ адзін балтыйскі маршрут — з Гданьска па адной з нітак нафтаправода "Дружба", які для гэтага неабходна будзе запусціць у рэверсным рэжыме. "Я Пуціну прама сказаў: на першым этапе, калі мы з палякамі дамовімся, будзем рэверсам пастаўляць па адной з трох труб", — сказаў Лукашэнка.

Трэці кірунак, паводле яго слоў, таксама ўжо апрабаваны. Гаворка ідзе пра пастаўкі праз Украіну з Чорнага мора.

Лукашэнка таксама заявіў, што Расія выступае супраць паставак казахстанскай нафты ў Беларусь.

"Нам нельга залежаць ад аднаго чалавека, ад адной краіны, ад аднаго прадпрыемства. Гэта манапалізм, і ў гэтым наша праблема", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Таму мы дамаўляемся з усімі. Мы дамаўляемся з амерыканцамі, з Саудаўскай Аравіяй, Арабскімі Эміратамі... Колькі трэба, столькі нафты паставім. Вядома, гэта сусветная цана. Але якасць там нафты лепшая. Таму ніякага блефу, ніякага націску — усё па-сумленнаму. Яны захацелі, каб мы плацілі, мы будзем плаціць", — заявіў афіцыйны лідар.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239