Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/02/ru_1031422_123/
Дата раздрукоўкі: 25.05.2020 00:23
02.02.2020 12:02 Эканоміка

Пасол Швейцарыі чакае, што па выніках 2019 года ўзаемны тавараабарот з Беларуссю перавысіць 130 млн долараў

Мінск, 2 лютага. Пасля некаторага спаду ва ўзаемным гандлі Беларусі і Швейцарыі з 2018 года назіраецца рост тавараабароту, адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН пасол Швейцарыі Клод Альтэрмат.

"У 2018 годзе Швейцарыя імпартавала ў Беларусь тавараў на 97,2 млн долараў, а закупіла беларускіх тавараў на 27,4 млн долараў, — паведаміў ён. — Агульны аб'ём тавараабароту — 130 млн долараў, што склала рост на 7,9%. Чакаем, што за 2019 год узаемны тавараабарот перавысіць 130 млн долараў".

Альтэрмат лічыць, што ў краін ёсць вялікі патэнцыял у развіцці інвестыцыйнага супрацоўніцтва. "Тут таксама прыкметнае станоўчае развіццё, але ў нас, на жаль, няма лічбаў. Патэнцыял па інвестыцыях вельмі вялікі. На дадзены момант выкарыстоўваецца толькі малая яго частка. І тут, зноў жа, асноўная адказнасць ляжыць на беларускім баку, каб зрабіць Беларусь эканамічна прывабнай для замежнага інвестара", — сказаў дыпламат.

Паводле яго слоў, эканамічнае супрацоўніцтва развіваецца праз прыватныя ініцыятывы. "Сумесных эканамічных праектаў паміж дзвюма дзяржавамі на дадзены момант няма, — адзначыў Альтэрмат. — Але тут важна падкрэсліць, што я кажу менавіта пра супрацоўніцтва на дзяржаўным узроўні. Напрыклад, завод "Штадлер" — гэта прыватная ініцыятыва, а не дзяржаўная. На дзяржаўным узроўні у нас ёсць двухбаковая камісія, якая рэгулярна сустракаецца (апошні раз сустрэча была ў чэрвені 2018 года ў Берне) і абмяркоўвае пытанні і праблемы эканамічнага характару".

Пасол растлумачыў, што ў Швейцарыі ёсць адпаведныя дзяржаўныя эканамічныя праекты, але яны рэалізуюцца ў адсталых краінах, якім аказваецца дапамога для развіцця. Беларусь да такіх краін не адносіцца. "У Беларусі ёсць свой патэнцыял і ёсць прыватны сектар эканомікі, які можа спрыяць таму, каб ваша краіна стала заможнай дзяржавай", — падкрэсліў Альтэрмат.

Важную ролю ў развіцці эканамічнага супрацоўніцтва, паводле яго слоў, адыгрывае Швейцарска-беларускі бізнес-савет. "У апошні раз яго пасяджэнне адбылося ў лістападзе мінулага года, — сказаў пасол. — У мерапрыемстве ўзялі ўдзел каля 100 бізнесменаў, прадстаўнікоў беларускага ўраду. Гэта тыповы швейцарскі падыход: эканоміка развіваецца не па распараджэнні ўрада, а праз цікавасць і ўзаемадзеянне бізнес-партнёраў з абодвух бакоў".

У цэлым, адзначыў дыпламат, Швейцарыя разлічвае, што пасля адкрыцця пасольства адбудзецца "ажыўленне ўзаемнага знешняга гандлю, інвестыцый і сферы паслуг". "Вельмі важна таксама развіваць узаемадзеянне ў сферы турызму, паколькі турызм спрыяе стварэнню ў Беларусі новых працоўных месцаў і развіццю кантактаў паміж людзьмі, вядзе да адкрыцця краіны для свету. І ў сувязі з гэтым я хачу адзначыць важнасць прыняцця беларускімі ўладамі рашэння аб бязвізавым уездзе для замежных грамадзян на 30 дзён", — сказаў Альтэрмат.

Паводле яго даных, Швейцарыя ўваходзіць у топ-20 краін па колькасці турыстаў, якія наведваюць Беларусь. "І патэнцыял у гэтым напрамку вельмі вялікі. Тут многае залежыць ад беларускіх уладаў. Вельмі важна рэкламаваць турыстычныя магчымасці Беларусі, прасоўваць вашу краіну, яе прыроду і славутыя мясціны, рабіць іх больш прыкметнымі", — дадаў пасол.

Паводле звестак МЗС Беларусі, паводле паказчыка прамых замежных інвестыцый Швейцарыя ўваходзіць у лік найбуйнейшых краін — інвестараў у эканоміку Беларусі. У 2018 годзе аб'ём прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове (без уліку запазычанасці прамому інвестару за тавары, работы, паслугі), якія паступілі з Швейцарыі, склаў 23,4 млн долараў ЗША (у 2017 годзе — 31,1 млн долараў, у 2016 годзе — 18,0 млн долараў). У Беларусі зарэгістравана 118 прадпрыемстваў з удзелам швейцарскага капіталу.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239