Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/03/eu_1031543_1031544/
Дата раздрукоўкі: 03.12.2020 03:52
03.02.2020 12:45 Палітыка, Беларусь — Еўрасаюз

У Беларусь прыбыў міністр замежных спраў Літвы

Мінск, 3 лютага. У Беларусі з двухдзённым рабочым візітам знаходзіцца міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус.

Візіт Лінкявічуса пачаўся 3 лютага з сімвалічнага мерапрыемства — сустрэчы з літоўскай дыяспарай і сумеснага наведвання кіраўнікамі знешнепалітычных ведамстваў Беларусі і Літвы Рымдзюнскай СШ з літоўскай мовай навучання і Рымдзюнскай СШ з беларускай мовай навучання, паведаміла ў "Твітэры" беларускае МЗС.

МЗС Літвы, у сваю чаргу, паведамляе, што ў аграгарадку Рымдзюны (Астравецкі раён Гродзенскай вобласці) Лінкявічус таксама наведае літоўскі культурны цэнтр. Запланавана сустрэча Лінаса Лінкявічуса і яго беларускага калегі Уладзіміра Макея са старшынёй Гродзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым. Бакі абмяркуюць пытанні адукацыі дзяцей літоўскай дыяспары на роднай мове і магчымасць мадэрнізацыі школы ў Рымдзюнах з дапамогай сродкаў ЕС.

У другой палове дня 3 лютага ў Мінску плануецца сустрэча Лінкявічуса з прадстаўнікамі палітычных партый і грамадзянскай супольнасці Беларусі, паведамляе літоўскае МЗС.

4 лютага Лінкявічус і Макей правядуць перамовы ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі. Мяркуецца абмеркаваць тэмы будаўніцтва астравецкай АЭС, правоў чалавека, эканамічнага супрацоўніцтва і іншыя актуальныя пытанні. Па выніках сустрэчы плануюцца зносіны з журналістамі.

Візіт ажыццяўляецца па запрашэнні Уладзіміра Макея, удакладняе літоўскае МЗС.

Сам Лінкявічус 2 лютага напісаў у "Твітэры": "З нецярпеннем чакаю візіту і важных сустрэч у Беларусі, успамінаючы нашага агульнага героя Кастуся Каліноўскага". "Ідэалы свабоды і лозунга "За нашу свабоду і вашу" вельмі актуальныя і па сённяшні дзень", — дадаў кіраўнік літоўскага МЗС.

У сярэдзіне студзеня балтыйскае інфармагенцтва BNS паведаміла, што падчас візіту ў Мінск Лінкявічус можа прапанаваць Беларусі альтэрнатыву імпарту нафты і газу. "Мы зацікаўлены ў тым, каб Беларусь дыверсіфікавала крыніцы паставак энерганосьбітаў, і адзін з такіх прыкладаў — выкарыстанне Клайпедскага порта і Літоўскіх чыгунак. Калі будзе цікавасць, то можна будзе таксама разгледзець і пытанні паставак газу", — цытавала інфармагенцтва міністра замежных спраў Літвы.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239