Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/04/ru_1031671_1031672/
Дата раздрукоўкі: 28.05.2020 23:55
04.02.2020 13:44 Грамадства, Эканоміка

Лукашэнка пацвердзіў затрыманне дырэктараў прадпрыемстваў цукровай галіны

Мінск, 4 лютага. Падчас паездкі ў Добруш 4 лютага Аляксандр Лукашэнка пацвердзіў затрыманне кіраўнікоў прадпрыемстваў цукровай галіны і пракаментаваў "цукровую справу".

Інфармацыя пра затрыманне дырэктараў чатырох цукровых заводаў і кіраўніка Беларускай цукровай кампаніі з`явілася ў СМІ ў канцы студзеня. Ні адно з сілавых ведамстваў да гэтага часу не пракаментавала сітуацыю.

У размове з журналістамі, фрагмент якой быў паказаны па тэлеканале "Беларусь 1", Лукашэнка расказаў, што дырэктары заводаў стварылі ў Маскве гандлёвы дом (маецца на ўвазе Беларуская цукровая кампанія), якому "па дэмпінгавых цэнах" прадавалі беларускі цукар. Гандлёвы дом, у сваю чаргу, прадаваў цукар па рынкавых цэнах, а розніцу "хабарамі раздавалі дырэктарам заводаў".

"Можна было праз канцэрн ("Белдзяржхарчпрам". — БелаПАН.) дамовіцца аб цане і прадаць на рынку цукар, — сказаў Лукашэнка. — Не, стварылі гэты гандлёвы дом, паставілі туды сваіх. З гэтых заводаў, дапусцім, у гэтым і мінулым годзе, па дэмпінгавых цэнах прадавалі гандлёваму дому ў Маскве беларускі цукар. Тыя, павялічыўшы цану, прадавалі на рынку. Розніцу хабарамі раздавалі тым дырэктарам заводаў".

"Калі мне далажылі (гэта пытанне даўно спецслужбы вялі), што за бясцэнак прадавалі цукар гэтаму гандлёваму дому, частка гэтага цукру па павялічанай цане вярталася ў Беларусь... Можа, цукар не вывозілі ў Маскву, а дакументы ішлі туды, пераафармлялі і тут проста з заводаў на наш рынак пастаўлялі гэты цукар з маржай, а потым маржу дзялілі на хабары. Гэта што — нармальна? Я ў дэталі не ўнікаю, там папаліся і з пагонамі людзі. Я сказаў: усіх пад мятлу ў камеру, усіх!" — заявіў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, у найбліжэйшыя дні аб падрабязнасцях "цукровай справы" паведаміць КДБ. "Салодка дакладна не будзе", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

ТАА "Беларуская цукровая кампанія" (БСК) працуе ў Маскве. Яе заснавальнікамі з`яўляюцца чатыры найбуйнейшыя цукровыя заводы — ААТ "Гарадзейскі цукровы камбінат", ААТ "Скідальскі цукровы камбінат", ААТ "Слуцкі цукрарафінадны камбінат" і ААТ "Жабінкаўскі цукровы завод".

Як паведамляе афіцыйны сайт БСК, стратэгія кампаніі "дазваляе скарачаць рызыкі перанасычэння цукрам асобных рэгіёнаў, дастаўляючы прадукцыю да канчатковых спажыўцоў, тым самым скарачаючы колькасць пасрэднікаў".

"Беларуская цукровая кампанія супрацоўнічае з многімі найбуйнейшымі дылерамі і трэйдарамі на расійскім рынку, што дазваляе ахопліваць шырокі круг спажыўцоў. Цяпер мы паспяхова супрацоўнічаем больш чым з 40 буйнымі кампаніямі ў многіх рэгіёнах Расіі", — адзначаецца на сайце кампаніі.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239