Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/04/ru_1031724_456554/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 17:23
04.02.2020 15:02 Палітыка, Эканоміка

Лукашэнка паведаміў пра бліжэйшую сустрэчу з Пуціным і пракаментаваў беларуска-расійскія адносіны

Мінск, 4 лютага. Сустрэча з Уладзімірам Пуціным плануецца 7 лютага, паведаміў сёння журналістам Аляксандр Лукашэнка падчас наведвання Добруша (Гомельская вобласць). "Мы хочам проста сумленных, чыстых, празрыстых адносін", — падкрэсліў ён.

"Хутчэй за ўсё, 7 лютага мы сустрэнемся з прэзідэнтам Пуціным. Я так разумею — і пра гэта яму буду казаць адкрыта — нейкі момант ісціны наступіў. Мы з ім стварылі гэтыя добрыя адносіны, мы былі архітэктарамі гэтых адносін, ці нам іх ламаць на зыходзе нашай палітычнай кар`еры? Мы ж не вечныя. Што мы пакінем пасля сябе — вось у чым пытанне", — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Паводле яго слоў, Беларусь хоча самых цёплых, добрых і сяброўскіх адносін з брацкім народам. "Але калі вы паабяцалі за пяць гадоў (калі "Белтрансгаз" купілі) вывесці нас на ўнутрырасійскія цэны, дык выводзьце. Навошта ж вы нас падманваеце? Прытым не падманваеце, а думаеце, што мы на гэта забыліся", — дадаў Лукашэнка.

"Мы хочам проста сумленных, чыстых, празрыстых адносін. Не жадаеце — хай скажуць нам пра гэта. І не крычаць: "Ах, Пампеа прыехаў! Заўтра Трамп прыедзе... Што яны будуць рабіць?" — пацікавіўся Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што Беларусь як суверэнная і незалежная краіна вызначае, якую праводзіць знешнюю палітыку. "Ці мы гэтым нашкодзілі Расіі? Не", — заявіў беларускі кіраўнік.

"З нагоды таго, куды мы глядзім... Калі кагосьці з расіян гэта хвалюе, то яны няхай паглядзяць на свайго двухгаловага арла — яны глядзяць і туды, і сюды. А мы ў цэнтры. Таму мы глядзім, што адбываецца навокал. І мы не Расія. Гэта "мядзведзь" — велізарная краіна. Ім можна глядзець на Ўсход, Захад і больш нікуды. А мы, калі толькі нешта праваронім, то нашаму арлу і галаву адкруцяць, і пахаваюць. Таму мы вакол глядзім, маніторым і жывем сваім розумам", — сказаў Лукашэнка.

Адказваючы на пытанні журналістаў, ён закрануў перамовы аб пастаўках энергарэсурсаў. "Што мы просім цяпер ад расіян (яны там у позу ставілі і нас на калені спрабуюць паставіць): калі вы не можаце ў Еўразійскім саюзе бяспошлінна нам паставіць нафту (падатковым манеўрам замянілі, дурняў знайшлі), прадайце нам па сусветных цэнах", — сказаў Лукашэнка.

У Расіі, паводле яго слоў, на такія прапановы не згаджаюцца і за пастаўку нафты ў Беларусь настойваюць яшчэ на істотнай прэміі кампаніям звыш таго. "А як вы Венгрыі, Польшчы, Захаду пастаўляеце? Без прэміі. Хіба можа так старэйшы брат ставіцца да самага блізкага народа?" — запытаўся кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што нават у расійскіх СМІ, нягледзячы на прапаганду, з`явіліся і разумныя галасы, якія кажуць, што з беларусамі так нельга. "Прытым мы ж не просім у іх ніякіх грошай. Мы ўжо і крэдыты ім заплацілі за мінулы год, не перакрэдытоўваліся. А калі казаць па крэдытах, то амерыканцы ім плацяць 1,5% за тое, што яны там валюту трымаюць, а мы ім плацім ад 4 да 6%. Шчасце нам падарылі — 1 млрд долараў штогод мы Расіі плацім, яны ўдала размясцілі свае грошы", — сказаў Лукашэнка.

Ён падкрэсліў, што цяпер Беларусь не прасіла ў Расіі крэдытаў і прапануе супрацоўніцтва. "Не, не хочацца. Хочацца, разумееце, па-візантыйску па галаве стукнуць і нахіліць. Навошта гэта трэба?" — пацікавіўся Лукашэнка.

"Мы гатовыя супрацоўнічаць, але гэта павінна быць сумленна, празрыста і шчыра, — падкрэсліў ён. — Не просім нічога дадаткова да таго, як яны працуюць на Захадзе. Сёння 127 долараў за 1 тыс. куб. м газу прапанавалі. Спотавыя цэны ў Еўропе — да 100 долараў газ каштуе. Мы ж таксама бачым, што ў свеце адбываецца, і лічыць умеем. Таму не трэба крычаць, што вы нас корміце. Хто каго корміць — паказвае тавараабарот. У нас сёння адмоўнае сальда ў знешнім гандлі з Расіяй 9 млрд долараў. Гэта значыць, яны ў нас прадаюць на 9 млрд больш, чым купляюць. Дык хто каго корміць? Спецыялісты гэта разумеюць. А ідзе прапаганда, пачынаюць ужо расіян настройваць супраць "бацькі" Лукашэнкі і Беларусі. Навошта ім гэта трэба? Мінулі тыя часы, калі крычалі, што Лукашэнка схопіць шапку Манамаха".

"Таму не трэба баяцца. Трэба наладжваць адносіны. Нам трэба перадаць новаму пакаленню тое, што мы зрабілі, прытым у прыстойным выглядзе", — рэзюмаваў Лукашэнка.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала "Пул Першага", сустрэча Лукашэнкі з Пуціным адбудзецца ў Сочы.

Апошні раз кіраўнікі дзяржаў мелі гутарку 20 снежня ў Санкт-Пецярбургу. Паводле вынікаў перамоў кіраўнік Мінэканамразвіцця РФ Максім Арэшкін паведаміў журналістам, што Расія і Беларусь пакуль не дасягнулі пагаднення па нафце, газе і ў падатковай сферы.

На прэс-канферэнцыі ў Маскве 19 снежня Пуцін заявіў, што цана газу для Беларусі як для Смаленскай вобласці магчымая пры стварэнні наднацыянальных органаў.

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239