Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/05/ru_1031818_1031819/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 00:30
05.02.2020 13:10 Культура

У Мінску памёр народны артыст Беларусі рэжысёр Барыс Луцэнка

Мінск, 5 лютага. 5 лютага пасля цяжкай і працяглай хваробы на 83-м годзе жыцця памёр народны артыст Беларусі рэжысёр Барыс Луцэнка, паведамляе сайт Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага.

Барыс Луцэнка нарадзіўся 16 верасня 1937 года ў горадзе Майкоп Краснадарскага краю (Расійская Федэрацыя). У 1967 годзе скончыў Беларускі дзяржаўны тэатральна-мастацкі інстытут.

З 1967 па 1973 і з 1981 па 1982 год працаваў рэжысёрам Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.

З 1973 па 1982 год узначальваў Дзяржаўны рускі драматычны тэатр Беларусі. "Залатым перыядам Рускага тэатра называюць гады, калі Б.Луцэнка адзін за адным стварыў тры шэдэўры, якія сталі класікай беларускага тэатральнага мастацтва, — адзначаецца ў паведамленні, размешчаным на сайце Горкаўскага тэатра. — "Макбет" У.Шэкспіра (1974) быў прызнаны адной з лепшых пастановак гэтай п'есы ў свеце і атрымаў Гран-пры на фестывалі ў Штутгарце. Спектакль "Трохграшовая опера" Б.Брэхта (1976) карыстаўся вялікай папулярнасцю ў гледачоў. Спектакль "Трагедыя чалавека" І.Мадача (1979) атрымаў Гран-пры на фестывалі венгерскай драматургіі, і тэатр быў запрошаны на гастролі ў Будапешт і Сольнак".

З 1982 па 1991 год Барыс Луцэнка ўзначальваў Мінскі тэатр-студыю кінаакцёра. Пад яго кіраўніцтвам тэатр-студыя кінаакцёра быў адным з самых наведвальных тэатраў сталіцы.

З 1991 па 2008 год Луцэнка працаваў мастацкім кіраўніком Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, а з 2008 года па цяперашні час — рэжысёрам-пастаноўшчыкам гэтага тэатра.

Развітанне з народным артыстам адбудзецца 7 лютага ў глядацкім фае Горкаўскага тэатра (пачатак у 12.00).

БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239