Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/05/ru_1031847_414785/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 09:37
05.02.2020 15:21 Палітыка, Эканоміка

Мезенцаў: Расія чакае ад Беларусі пераканаўчых разлікаў урону ад няякаснай нафты

Мінск, 5 лютага. Расія чакае ад Беларусі пераканаўчых разлікаў шкоды, панесенай у выніку пастаўкі няякаснай нафты, для выплаты кампенсацыі, заявіў журналістам 5 лютага ў Мінску пасол РФ Дзмітрый Мезенцаў.

"Расійскі бок чакае дакументы, якія пацвярджаюць панесены беларускім бокам урон ад пастаўкі няякаснай нафты, — сказаў ён. — Гэта павінны быць пераканаўчыя, пацвярджальныя шкоду дакументы, пададзеныя беларускім бокам. Гэта павінны быць пераканаўчыя разлікі, якія падтрымліваюцца экспертнай супольнасцю і, вядома, якія будуць прынятыя расійскім бокам. Паводле вынікаў сумеснага аналізу гэтых дакументаў будуць выплачаныя тыя сродкі, якія кампенсуюць панесеную шкоду".

На рэмарку пра тое, што, згодна з заявамі беларускага боку, дакументы па забруджанай нафце ўжо былі пададзеныя, Мезенцаў сказаў: "Яны былі пададзеныя, вось цяпер яны павінны прайсці ўзгадненне. Я не бачу ніякіх перашкод для таго, каб канфлікт быў вычарпаны і гэтая старонка была перагорнутая".

У той жа час дыпламат падкрэсліў, што РФ як дзяржава не адказная "за шэраг крокаў суб'ектаў гаспадарання, якія прывялі да той складанай крызіснай сітуацыі, што характарызавала красавік мінулага года". "Дзяржаўны бюджэт Расіі адказнасць за дапушчаную шкоду шэрагам суб'ектаў гаспадарання нафтавай сферы Расіі не нясе", — адзначыў ён.

"Адкрытасць, гатоўнасць да размовы па любых самых складаных пытаннях шмат разоў пацвярджалася расійскім бокам — усімі без выключэння членамі расійскага ўрада, суб'ектамі гаспадарання, партнёрамі. Разлічваць, што нешта змянілася, абсалютна не выпадае. Расійскі бок гатовы да дыялогу па любым пытанні аб двухбаковых адносінах", — запэўніў Мезенцаў.

У красавіку мінулага года "Белнафтахім" выявіў у расійскай нафце павышанае ўтрыманне дыхлорэтану і, каб пазбегнуць аварыі на НПЗ, знізіў перапрацоўку і экспарт нафтапрадуктаў. Пасля таго як прымаць няякасную сыравіну адмовіліся замежныя спажыўцы, транзіт па нафтаправодзе "Дружба" быў часова прыпынены, а ў Расіі распачалі крымінальную справу па факце забруджвання нафты.

У маі Аляксандр Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай нафты Беларусь страціла "велізарныя грошы" — сотні мільёнаў долараў.

Ацэнкай шкоды ад аварыі на "Дружбе" займалася рабочая група, створаная Беларуссю і Расіяй. У канцэрне "Белнафтахім" разлічвалі да канца 2019 года атрымаць кампенсацыю асноўнай масы страт з-за паставак у Беларусь забруджанай хларыдам расійскай нафты, аднак пытанне да гэтага часу не вырашанае.

Выступаючы ў снежні ў Палаце прадстаўнікоў, прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас заявіў, што пытанне аб кампенсацыі ўрону ў выніку паставак бруднай нафты абмяркоўваецца асобна ад інтэграцыйных дамоўленасцей паміж Беларуссю і Расіяй. "Брудная нафта вынесеная за дужкі дарожных карт, па ёй праца працягваецца па асобным трэку, — сказаў Румас. — У нас ёсць разлікі сумы кампенсацый. Мне б не хацелася іх называць, каб не ўскладняць перамовы нашым перамоўшчыкам. Мы спадзяемся, што ўсё ж такі найбліжэйшым часам нейкая яснасць у гэтым пытанні будзе пастаўленая. Да канца года ці не — тут мне цяжка сказаць".

Расія 1 студзеня спыніла пастаўку нафты ў Беларусь з-за адсутнасці кантрактаў на 2020 год. Бакі да гэтага часу не могуць дамовіцца аб цане паставак. Беларусь праводзіць комплексную працу па пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239