Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/07/eu_1032085_123/
Дата раздрукоўкі: 22.10.2020 03:00
07.02.2020 10:03 Эканоміка, Фінансы, Беларусь — Еўрасаюз

Румас: Урад Беларусі зацікаўлены ў новых амбіцыйных праектах з ЕБРР

Мінск, 7 лютага. Урад Беларусі зацікаўлены ў новых амбіцыйных праектах з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Румас 7 лютага на сустрэчы з прэзідэнтам ЕБРР Сумам Чакрабарці.

"Са свайго боку я яшчэ раз хачу запэўніць вас, што ўрад Рэспублікі Беларусь заўсёды адкрыты да дыялогу і зацікаўлены ў рэалізацыі новых амбітных праектаў, пра што і сведчаць нашы вынікі ўзаемадзеяння як у дзяржаўным, так і ў прыватным сектарах", — цытуе Румаса прэс-служба ўрада.

Ён падкрэсліў, што "ўрад высока шануе канструктыўныя адносіны з банкам, якія склаліся, і разлічвае, што ў далейшым бакі здолеюць іх не толькі захаваць, але і паглыбіць".

"Вельмі высока цэнім наша шчырае партнёрства. Спадзяемся, што для банка Беларусь з'яўляецца надзейным партнёрам, з якім можа быць рэалізаваны не адзін знакавы праект", — сказаў прэм'ер-міністр.

Кажучы пра дыялог з ЕБРР па прыватызацыі "Белінвестбанка", Румас запэўніў, што беларускі бок зацікаўлены ў выпрацоўцы найбольш аптымальных умоў гэтай здзелкі, якія б задаволілі ўдзельнікаў. Ён прапанаваў падрабязна абмеркаваць гэтае пытанне на дадзенай сустрэчы.

Беларускі ўрад таксама разлічвае на паспяховую рэалізацыю новай ініцыятывы па будаўніцтве энергетычнай інфраструктуры ў свабодных эканамічных зонах. "Пілотны праект — падстанцыя "Чаркасы" ў Фаніпалі для СЭЗ "Мінск". Спадзяемся, рэалізацыя пілотнага праекта дапаможа стварыць умовы для прыцягнення новых інвестыцый у СЭЗ "Мінск". На жаль, па гэтым праекце ёсць некаторае адставанне ад намечаных тэрмінаў, прасіў бы аказаць падтрымку, у тым ліку ў плане правядзення ўнутрыбанкаўскіх працэдур", — сказаў Румас.

Кіраўнік беларускага ўрада таксама звярнуўся з просьбай да Чакрабарці падтрымаць беларускую ініцыятыву па правядзенні нацыянальнай інвестыцыйнай сесіі ў 2020 годзе ў Лондане падчас штогадовага пасяджэння Савета кіраўнікоў ЕБРР. "Мы перакананыя, што арганізацыя гэтага мерапрыемства дазволіць прадставіць бізнес-супольнасці магчымасці інвеставання ў Беларусь. Як вы змаглі пераканацца на ўласным вопыце, Беларусь — краіна, адкрытая для замежных інвестыцый, у якой створаныя ўмовы для эфектыўнага вядзення бізнесу", — дадаў прэм'ер-міністр.

Сума Чакрабарці ў сваю чаргу назваў беспрэцэдэнтным узровень супрацоўніцтва ЕБРР з Беларуссю за апошнія тры гады. Ён удакладніў, што за гэты час у эканоміку краіны інвеставана больш за 1 млрд еўра. Толькі ў 2019 годзе рэалізавана 24 праекты ў розных галінах.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, з пачатку сваёй дзейнасці ў Беларусі ў 1992 годзе ЕБРР інвеставаў амаль 2,9 млрд еўра ў 130 праектаў у розных сектарах эканомікі краіны. У 2019 годзе ЕБРР усталяваў новы рэкорд сваёй дзейнасці ў Беларусі: банк уклаў больш 390 млн еўра ў 24 праекты ў прыватным і дзяржаўным сектарах.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты




© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239