Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/07/ru_1032101_123/
Дата раздрукоўкі: 07.07.2020 00:12
07.02.2020 13:05 Палітыка, Эканоміка

У Сочы праходзяць перамовы Лукашэнкі і Пуціна

Мінск, 7 лютага. У Сочы пачаліся перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна ў фармаце сам-насам, паведамляе тэлеграм-канал "Пул Першага".

Першапачаткова сустрэчу кіраўнікоў Беларусі і Расіі планавалася пачаць з перамоваў у пашыраным складзе, але самалёт з расійскай дэлегацыяй вылецеў у Сочы з двухгадзінным спазненнем.

Лукашэнка прыбыў у Сочы напярэдадні вечарам. Яго прэс-служба паведамляла, што лідары дзвюх краін маюць намер абмеркаваць "шырокі комплекс пытанняў, якія стаяць на парадку дня беларуска-расійскага супрацоўніцтва".

Перад вылетам Лукашэнка правёў нараду па энергетычных пытаннях, на якой даручыў ураду падрыхтаваць планы па "рэагаванні на любы магчымы выклік", звязаны з паліўна-энергетычнай галіной, і ў прыватнасці працягваць пошук альтэрнатыўных і надзейных пастаўшчыкоў нафты.

"Галоўнае — захаваць мір і спакой у краіне, устойлівасць эканомікі і ўпэўненасць грамадзян у заўтрашнім дні. Ні ад адной праграмы мы адмовіцца не можам. І не толькі таму, што гэты год — год экзаменаў (сёлета ў Беларусі павінны прайсці чарговыя прэзідэнцкія выбары. — БелаПАН.)", — падкрэсліў Лукашэнка.

"Патрабаванні вядомыя: ні адзін жыхар Беларусі, ні адно прадпрыемства не павінны адчуць на сабе наступствы ад усякага роду манеўраў нашых партнёраў. Усе нафтаперапрацоўчыя заводы павінны працаваць. Мы павінны забяспечваць нафтапрадуктамі не толькі ўнутраны рынак, як гэта адбываецца цяпер, але і забяспечваць нашы абавязацельствы па кантрактах на знешніх рынках", — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што праблемы з пастаўкамі вуглевадароднай сыравіны і прадуктовыя войны сталі апошнім часам звыклымі. Рознагалоссі з Расіяй рэгулярна адбываюцца на працягу 13 гадоў, нягледзячы на "канкрэтныя абавязацельствы і подпісы пад дакументамі", сказаў Лукашэнка. "Сёлета Расія абавязалася на міжурадавым узроўні паставіць у Беларусь 24 млн тон нафты — па два мільёны кожны месяц. У студзені было пастаўлена 500 тысяч — адна чвэрць", — паведаміў ён.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239