Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/07/ru_1032180_1032181/
Дата раздрукоўкі: 02.10.2020 02:09
07.02.2020 22:48 Палітыка, Эканоміка

Расія будзе пастаўляць газ у Беларусь на ўмовах 2019 года, пастаўкі нафты будуць ісці па рынкавых цэнах (дапоўнена)

Мінск, 7 лютага. Расія і Беларусь дамовіліся аб пастаўках расійскага газу Мінску на ўмовах 2019 года. Што тычыцца паставак нафты, то яны будуць ісці па рынкавых цэнах, паведаміў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрый Казак па выніках перамоў у Сочы на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

7 лютага ў Сочы Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка спачатку паспелі пагутарыць у фармаце сам-насам, затым згулялі ў хакей, пасля чаго вярнуліся да абмеркавання спрэчных пытанняў у пашыраным складзе. Другі раўнд перамоў доўжыўся каля дзвюх гадзін. Пасля заканчэння сустрэчы, якая прайшла з удзелам членаў дэлегацый, кіраўнікі дзяржаў заяў для прэсы рабіць не сталі.

Невялікую заяву зрабіў намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расіі Дзмітрый Казак.

"Перамовы прайшлі ў вельмі пазітыўным ключы. Дамовіліся працягнуць кансультацыі на ўзроўні ўрада, міністэрстваў і ведамстваў па ўдасканаленні механізмаў інтэграцыі. Што тычыцца супрацоўніцтва ў нафтагазавай сферы, то мы дамовіліся захаваць пастаўкі газу на ўмовах 2019 года. Будзем дзейнічаць у гэтым ключы", — прыводзіць словы Казака тэлеканал ОНТ.

"Што тычыцца пастаўкі нафты, якая таксама была прадметам абмеркавання, мы будзем аказваць садзейнічанне дасягненню пагадненняў паміж беларускімі спажыўцамі і вытворцамі нафты ў нашай краіне", — дапоўніў расійскі чыноўнік.

"Мы не можам сёння рэзка памяняць умовы рэгулявання нашай нафтавай галіны. Цэны на сырую нафту фарміруюцца рынкам і адміністрацыйна не рэгулююцца. Гэта ўсё застанецца. Але мы будзем аказваць усялякае садзейнічанне дасягненню гэтых пагадненняў, каб забяспечыць Беларусь неабходнымі аб'ёмамі нафты", — падкрэсліў Казак.

Ідэю "паглыбленай інтэграцыі" Беларусі і Расіі Крэмль упершыню вылучыў у канцы 2018 года. Расійскае кіраўніцтва звязвае яе з ключавымі для беларускай эканомікі пытаннямі — цэнаўтварэння на рынку энерганосьбітаў. У снежні 2019 года Уладзімір Пуцін заявіў, што кошт газу для Беларусі на ўзроўні прадпрыемстваў Смаленскай вобласці РФ (пра што настойваюць у Мінску) магчымы толькі пры стварэнні наднацыянальных органаў.

31 снежня мінулага года "Газпром" і ўрад Беларусі падпісалі пратакол аб цэнах на газ на студзень—люты 2020 года і дадаткі да кантрактаў на транзіт і пастаўку паліва, якія прадаўжаюць іх да 2021 года. Згодна з дакументамі кантрактныя аб'ёмы паставак і транзіту ў 2020 годзе захаваны на ўзроўні 2019 года. У студзені—лютым Беларусь атрымлівае газ па цане 2019 года, якая складае 127 долараў ЗША за 1 тыс. куб. м.

Мінск і Масква таксама не могуць дамовіцца па цане на расійскую нафту, якая пастаўляецца ў Беларусь. З-за адсутнасці кантракта Расія з новага года спыніла пастаўкі нафты. Беларускі ўрад вядзе комплексную працу па пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў нафты.

Расія не пастаўляе нафту ў Беларусь без прэміі да цаны, якая складае каля 10 долараў за тону. У Беларусі адмовіліся яе плаціць, спасылаючыся на тое, што з-за падатковага манеўру цана расійскай нафты і так павялічылася. Цяпер яна складае 83% сусветнай.

З пачатку гэтага года беларускія НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы, забяспечваючы ў першую чаргу патрэбы ў паліве на ўнутраным рынку.

Аляксей Арэшка, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239