Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/08/ru_1032190_1032191/
Дата раздрукоўкі: 23.09.2020 10:06
08.02.2020 12:00 Эканоміка, Палітыка

"Коммерсантъ": Беларуская дэлегацыя ў Сочы прасіла газ па 94—100 долараў за тысячу кубаметраў

Мінск, 8 лютага. Падчас перамоў у Сочы 7 лютага беларуская дэлегацыя прасіла ў расійскай газ па цане 100 і менш долараў за тысячу кубаметраў, паведаміла газета "Коммерсантъ" са спасылкай на свае крыніцы.

"Паводле дадзеных "Коммерсанта", беларускія перагаворшчыкі на чале са сваім прэзідэнтам настойвалі на $100, і быў сярод іх адзін, які ўпэўнена прамаўляў нават і лічбу $94", — адзначае выданне.

У выніку газ Беларусі да канца 2020 года будзе пастаўляцца па леташняй цане — 127 долараў за тысячу кубаметраў. Дамоўленасць аб такой цане раней дзейнічала толькі да канца лютага.

У той жа час Мінск не здолеў дамагчыся традыцыйнай зніжкі пры пастаўцы нафты: намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрый Казак паведаміў, што продаж сыравіны будзе ажыццяўляцца па рынкавых цэнах, у адваротным выпадку прыйдзецца ўводзіць дзяржрэгуляванне для нафтавай галіны.

На думку "Коммерсанта", для прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна "важней было не дамовіцца аб цэнах на нафту, чым дамовіцца аб цэнах на газ".

Са спасылкай на расійскіх экспертаў, якія ляцелі разам з чыноўнікамі на перамовы ў Сочы, выданне паведаміла, што пераход з расійскай на амерыканскую нафту (пры захаванні "інтэграцыйнай" цаны на першую) абыдзецца Мінску ў 2 млрд долараў ЗША штогод.

Як піша "Коммерсантъ", "ніхто ўжо не мае намеру, мяркуючы па ўсім, схіляць Аляксандра Лукашэнку да гэтай інтэграцыі — усё роўна ж зразумела, што, калі яна раптам і здарыцца, з такім чалавекам потым клопатаў не абярэшся і тысячу разоў пашкадуеш, што калісьці вырашыў трымацца да яго бліжэй". Аднак расійскія перагаворшчыкі ляцелі ў Сочы "ў пошуках хоць нейкай пэўнасці, якую ён пасля таго, як каток пакаціўся, шукае ўжо больш, чым хто б там ні было іншы".

"На самой справе, паводле дадзеных "Коммерсанта", усё было вырашана ўжо ў першай палове дня, калі прэзідэнты Беларусі і Расіі сустракаліся сам-насам", — піша газета.

Дзмітрый Уласаў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН

.239