Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/11/ru_1032370_123/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 08:10
11.02.2020 11:37 Эканоміка, Палітыка

Беларусь пачала забор тэхналагічнай нафты з нефтаправода "Дружба"

Мінск, 11 лютага. Беларусь пачала забор тэхналагічнай нафты з нафтаправода "Дружба" для беларускіх нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, паведамілі БелаПАН у прэс-службе канцэрна "Белнафтахім".

"Ідзе аптымізацыя рэсурсаў ва ўмовах зніжэння паставак нафты. Гэты забор ідзе з участкаў, якія не былі задзейнічаныя ў транзіце нафты, каб не паўплываць на аб`ёмы транзіту і прапампоўкі, расійскі бок апавешчаны. Тут без партызанкі. Мера часовая. Забор ідзе з умовай кансервацыі і наступнай аператыўнай магчымасцю аднавіць гэтыя ўчасткі для прапампоўкі, значыць, раскансерваваць і задзейнічаць", — паведаміў прадстаўнік канцэрна.

Тэхналагічная нафта — гэта рэшткі нафты, нафтапрадуктаў, вадкасці з утрыманнем нафты ў нафтаправодах, трубах, рэзервуарах. Асаблівасцю тэхналагічнага працэсу транспарціроўкі з`яўляецца ў тым ліку стабільнасць такіх рэшткаў. Тэхналагічная нафта падтрымлівае ціск у трубе і забяспечвае эфектыўнасць эксплуатацыі нафтаправода да пункту адбору яе контрагентам.

Мінск і Масква не могуць дамовіцца аб цане на расійскую нафту, што пастаўляецца ў Беларусь. З-за адсутнасці кантракта Расія з новага года спыніла пастаўкі нафты. Беларускі ўрад вядзе комплексную працу па пошуку альтэрнатыўных пастаўшчыкоў.

Расія не пастаўляе нафту ў Беларусь без прэміі да цаны, якая складае прыблізна 10 долараў за тону. У Беларусі адмовіліся яе плаціць, спасылаючыся на тое, што з-за падатковага манеўру цана расійскай нафты і так павялічылася. Цяпер яна складае 83% сусветнай.

7 лютага ў Сочы адбыўся чарговы раўнд перамоваў Лукашэнкі і Пуціна па пытаннях пастаўкі расійскіх энерганосьбітаў у Беларусь. Намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта РФ Дзмітрый Казак паводле вынікаў перамоваў заявіў журналістам, што бакі дамовіліся захаваць умовы пастаўкі газу ў цэнах 2019 года. Пастаўкі нафты, паводле яго слоў, будуць ісці па рынкавых цэнах. "Мы будзем спрыяць дасягненню пагадненняў паміж беларускімі спажыўцамі і вытворцамі нафты ў нашай краіне", — дадаў расійскі чыноўнік.

"Мы не можам сёння рэзка змяніць умовы рэгулявання нашай нафтавай галіны. Цэны на сырую нафту фармуюцца рынкам і адміністрацыйна не рэгулююцца. Гэта ўсё застанецца. Але мы будзем усяляк спрыяць дасягненню гэтых пагадненняў, каб забяспечыць Беларусь неабходнымі аб`ёмамі нафты", — падкрэсліў Казак.

Вынікі перамоваў таксама пракаментаваў першы намеснік прэм`ер-міністра Беларусі Дзмітрый Крутой. "Расійскі бок пагадзіўся, што беларускія НПЗ будуць купляць нафту згодна з дамоўленасцямі з расійскімі нафтавымі кампаніямі па цэнах, якія ўсталёўваюцца на сусветным рынку", — заявіў ён журналістам. "Дарэчы, гэтага ж на працягу ўсіх перамоў неаднаразова патрабавалі наш прэзідэнт і беларускі бок", — адзначыў першы віцэ-прэм`ер. "Беларусі не трэба ніякіх спецыяльных, эксклюзіўных умоў, мы хочам купляць нафту па сусветных каціроўках, і не горш", — падкрэсліў Крутой.

Цяпер група кампаній "Сафмар" блізкага да Аляксандра Лукашэнкі бізнесмена Міхаіла Гуцарыева з`яўляецца адзіным пастаўшчыком расійскай вуглевадароднай сыравіны ў Беларусь. Таксама закуплена і з канца студзеня перапрацоўваецца партыя нарвежскай нафты ў 80 тыс. тон. У наяўнай сітуацыі беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку працуюць на мінімальнай загрузцы. Яны перапрацоўваюць ад 16 да 20 тысяч тон нафты за суткі і ў першую чаргу забяспечваюць палівам унутраны рынак.

Марына Носава, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН