Беларуская інфармацыйная кампанія
Адрас старонкі: https://by.belapan.by/archive/2020/02/11/ru_1032379_123/
Дата раздрукоўкі: 26.02.2020 06:57
11.02.2020 12:49 Палітыка, Грамадства

Лукашэнка: СМІ ператварыліся ў зброю масавага паражэння

Мінск, 11 лютага. Беларусь "прастрэльваецца з усіх бакоў" медыйнымі атакамі, заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час нарады з кіраўнікамі вядучых дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі 11 лютага.

Сюжэт пра гэтую сустрэчу быў паказаны ў дзённым выпуску навінаў на тэлеканале "Беларусь 1".

Паводле слоў Лукашэнкі, СМІ перасталі быць выключна сродкам данясення інфармацыі, ператварыўшыся ў "паўнавартасную зброю масавага паражэння". "Падтасаваныя факты, фэйкі, дыпфэйкі, так званая постпраўда, калі аўдыторыяй умела маніпулююць, наўмысна адводзячы ад сапраўды важных праблем. Гэтая і іншая інфармацыйная атрута падобная да хімічнай зброі", — сказаў ён.

"Нас чакаюць яшчэ больш складаныя рэчы, якія проста цяжка будзе аспрэчваць, прынамсі, у кароткім прамежку часу. Гэтая няпраўда, гэтая хлусня выкошвае цэлыя пласты ўспрымальнага насельніцтва, робячы іх безабароннымі перад сваім разбуральным уздзеяннем. Таму інфармацыйнае проціборства цяпер адыгрывае асаблівую ролю", — дадаў Лукашэнка.

Ён таксама адзначыў "найжорсткую канкурэнцыю" на інфармацыйным полі. Беларусь, паводле яго слоў, "з усіх бакоў працятая рознымі медыйнымі патокамі, многія з іх адкрыта дэструктыўныя". "І трэба сказаць, што Беларусь знаходзіцца ў самым складаным у гэтым плане становішчы, — лічыць Лукашэнка. — І не трэба нас, дапусцім, параўноўваць з такімі дзяржавамі, нібыта як мы, — Швейцарыяй, Аўстрыяй і гэтак далей. Абсалютна нельга, таму што гэтыя дзяржавы існуюць у складзе магутнага, вялізнага Еўрапейскага саюза — каля 600 мільёнаў чалавек (Швейцарыя не з`яўляецца членам ЕС. — БелаПАН.). І яны заўсёды абапіраюцца на сваіх саюзнікаў, і, прынамсі, у спіну ім не страляюць. Мы ж знаходзімся ў такім становішчы, што нам і ад саюзнікаў дастаецца, і ад супернікаў або ворагаў, як мы іх называлі. І ў гэтым плане Беларусь прастрэльваецца з усіх бакоў".

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка звярнуў увагу на тое, што нават "у буйных замежных СМІ" ў дачыненні да Беларусі "часта з`яўляюцца інсінуацыі, а часам і зусім заведамая хлусня і паклёп".

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён сабраў нараду, каб абмеркаваць выкананне дадзеных раней даручэнняў, далейшую стратэгію працы і актуалізаваць задачы, якія стаяць перад СМІ. Гэтыя задачы няпростыя, падкрэсліў Лукашэнка, бо "цяперашняя сітуацыя не спрыяе заспакоенасці". "Супрацьстаянне, геапалітычная нестабільнасць у розных частках свету, у тым ліку ў нашым рэгіёне, — усё гэта на парадку сённяшняга дня", — лічыць ён.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што важнай часткай незалежнасці любой дзяржавы з`яўляецца "інфармацыйны суверэнітэт", гэта значыць "права праводзіць уласную інфармацыйную палітыку, фармаваць нацыянальную інфармацыйную інфраструктуру, забяспечваць інфармацыйную бяспеку". "І гэтае права мы, як суверэнная і незалежная дзяржава, павінны адстойваць што б там ні было, у тым ліку на інфармацыйным полі. Здавалася б, што нам яшчэ тут змагацца і ваяваць на гэтым полі? Але, на жаль, даводзіцца", — дадаў Лукашэнка.

Сярод удзельнікаў нарады — старшыня Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, кіраўнік праўлення тэлеканала ОНТ Марат Маркаў, гендырэктар тэлеканала СТВ Ігар Луцкі, гендырэктар БелТА Ірына Акуловіч, галоўныя рэдактары "Беларуси сегодня" Дзмітрый Жук і "Звязды" Павел Сухарукаў, дырэктар беларускага прадстаўніцтва міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі "Мир" Уладзімір Пярцоў.

Напярэдадні ў Мінску адбылася калегія Міністэрства інфармацыі, на якой віцэ-прэм`ер Ігар Петрышэнка выказаў незадаволенасць нейтральнай падачай у СМІ інфармацыі пра дзейнасць дзяржорганаў, а таксама заклікаў друкаваныя дзяржСМІ перахопліваць ініцыятыву ў сайтаў і блогераў. А міністр інфармацыі Аляксандр Карлюкевіч заклікаў узмацніць контрпрапагандысцкую працу "па матэрыялах дэструктыўных СМІ". "Галоўнае, што мы можам і павінны супрацьпаставіць паклёпу і хлусні, — аб`ектыўную, праўдзівую журналістыку. Гэта — базіс інфармацыйнай бяспекі краіны", — падкрэсліў Карлюкевіч.

Прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ на калегію не запрасілі.

Захар Шчарбакоў, БелаПАН.

Аўтарызацыя

Імя:
Пароль:

Архіў

  • дзень
  • месяц
  • год

Сюжэты


© 2000 — 2020 БелаПАН. Усе правы абароненыя.
Уся інфармацыя, размешчаная на гэтым сайце, прызначана толькі для персанальнага выкарыстання і не падлягае далейшаму ўзнаўленню і/або распаўсюджванню ў любой форме інакш як з пісьмовага дазволу БелаПАН